Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да вырашэньня ўкраінскага палітычнага крызісу далучыліся міжнародныя пасярэднікі


Валер Каліноўскі, Прага Другі тыдзень працягваецца палітычны крызіс ва Ўкраіне, выкліканы ўказам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі пра роспуск Вярхоўнай Рады і прызначэньне датэрміновых выбараў.

Перанос разгляду законнасьці гэтага ўказу ў Канстытуцыйным судзе на 17 красавіка выклікаў пэўную паўзу ў палітычных падзеях. Ёю скарысталіся прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу і Расеі, каб прапанаваць свае паслугі пасярэднікаў паміж канфліктуючымі бакамі.

У Кіеў ужо прыбылі экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Марак Сівец, дэлегацыя Дзяржаўнай думы Расеі. Яны правялі сустрэчы з прадстаўнікамі бакоў. Сваю гатовасьць выступіць у ролі пасярэднікаў ва ўкраінскім канфлікце выказалі прэзыдэнты Польшчы і Літвы Лех Качынскі і Валдас Адамкус.

Найбольш супярэчліва быў успрыняты прыезд у Кіеў дэлегацыі дэпутатаў Расейскай Дзяржаўнай думы, якая на мінулым тыдні выступіла з крытыкай указу Віктара Юшчанкі і адназначна стала на бок большасьці Вярхоўнай Рады і прэм’ера Віктара Януковіча.

Расейскі дэпутат Аляксандар Крутаў сёньня вымушаны быў тлумачыць:

“Гэта не ўмяшаньне ва ўнутраныя справы, гэта ацэнка акту, які быў ухвалены прэзыдэнтам Украіны. Любы чалавек, любая арганізацыя можа даваць ацэнку. Дзяржаўная дума дала сваю ацэнку і гэта яе поўнае права”. У часе акцыяў прыхільнікаў кааліцыі Віктара Януковіча на кіеўскім Майдане Незалежнасьці зьявіліся сьцягі “Данецкай рэспублікі” з двухгаловым расейскім арлом. Прадстаўнік прэзыдэнта Раман Зварыч ацаніў гэты факт як жаданьне ўрадавай кааліцыі “расчляніць Украіну” і сьведчаньне “яе арыетаванасьці на Расею”.

Тым часам прэзыдэнт Украіны Юшчанка і прэм’ер Януковіч працягваюць кансультацыі аб вырашэньні палітычнага крызісу. Юшчанка прапанаваў 15 кампрамісных умоваў для ўрэгуляваньня сытуацыі, якая прывяла да ягонага ўказу.

Умовы гэтыя цяпер абмяркоўваюцца палітычнай радай Партыі рэгіёнаў і захоўваюцца ў таямніцы. Вядома толькі, што Юшчанка не дапускае скасаваньня свайго ўказу аб новых выбарах парлямэнту.

Сёньня некаторыя парлямэнтарыі заявілі, што Юшчанка можа перанесьці датэрміновыя выбары на кастрычнік, але ў Сакратарыяце прэзыдэнта гэтую інфармацыю абверглі.

Сёньня ж урад Віктара Януковіча адмовіўся выконваць пастанову Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны аб фінансаваньні пазачарговых парлямэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG