Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўшчына: у саўгасе “Сьветлы” — чорныя дні


Вячаслаў Кулік, Чэрыкаўскі раён Сёньня ў вёсцы Верамейкі на Магілёўшчыне працаўнікі сьвінагадоўчага комплексу правялі грамадзкі сход. Людзі пратэставалі супраць скарачэньня вытворчасьці i – у выніку – звальненьня з працы больш як ста чалавек. Прадстаўнікі ўлады й міліцыі выехалі на месца, каб улагодзіць канфліктную сытуацыю.

Верамейкі сёньня наведаў намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Дубко. Да таго ж Чэрыкаўскі райаддзел унутраных справаў накіраваў у месца канфлікту групу міліцыянтаў.

Пра вынікі сходу распавядае Кацярына Ігнатава:

“Гаварылі ў асноўным апэратары. Нам паабяцалі, што тры месяцы людзей ня будуць скарачаць. Ну й кіраўніцтва ўсё пакідаюць”.

Кацярына Ігнатава кажа, што комплексу ў Верамейках чвэрць стагодзьдзя. Увесь гэты час ён быў дзяржаўнай уласнасьцю.

Але на сёньня вызначана, што ўладальнікам сьвінакомплексу стане Магілёўскі камбінат хлебапрадуктаў. І людзі пратэстуюць супраць намеру новага гаспадара скараціць вытворчасьць.

Эканаміст Яніна Холад перакананая, што гэтаму не перашкодзяць і сёньняшнія абяцаньні:

“Калі ня звольняць у красавіку, то выкінуць праз паўгоду. Але не праіснуе ён і паўгоду. Яго разваляць так, як развалілі саўгас “Ударнік”. Расьцягнуць апошнія сродкі з гэтага комплексу”.

Далей гутару з галоўным тэхнолягам комплексу “Сьветлы” Валянцінай Багдашовай. Заптываю, ці ўдасца за абяцаныя ўладамі тры месяцы палепшыць працу комплексу?

“Я мяркую, што не, — гаворыць спадарыня Багдашова, — гэтага тэрміну недастаткова. У нас будзе заставацца трывожная абстаноўка”.

А вось што кажа пра сацыяльныя пэрспэктывы вёскі Верамейкі тутэйшы жыхар Іван Гардзееў:

“Цяпер у Верамейках 1550 чалавек насельніцтва. Зь іх васямсот — працоўнага ўзросту. З гэтых васьмісот не працуюць чатырыста. Плюс да іх дадаецца дзьвесьце пяцьдзясят, якіх плянуюць скараціць на комплексе”.
XS
SM
MD
LG