Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадок, які ідзе на дно, не разьлічвае на ляўры Вэнэцыі


Ігар Карней, Залесьсе, Смаргонскі раён На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка праехаў па рэгіёнах і застаўся задаволены набліжэньнем вёскі да гораду. А вось жыхары зьмененых у статусе мястэчак лічаць: аграгарадкі маюць прапагандысцкі характар і пазбаўленыя рэальных клопатаў пра вяскоўцаў. Сярод іншых зьмяніла свой статус і Залесьсе, вядомае, перадусім, колішнім суседзтвам зь сядзібай дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Аднак нібыта набліжэньне да цывілізацыі ня вырашыла праблемаў тамтэйшых жыхароў – яны ў літаральным сэнсе ідуць на дно, але праводзіць мэліярацыю, насуперак сыгналям SOS, ніхто не сьпяшаецца.



Жыхар Залесься Мікалай Вусік страціў усялякую магчымасьць трымаць хатнюю гаспадарку. Каровы, сьвіньні, куры адмаўляюцца пераходзіць на “планктон”: два гады дом і гаспадарчыя пабудовы спадара Вусіка падмываюць грунтовыя воды, якія выйшлі на паверхню і ўтварылі вялізнае возера.

Аграгарадок, Залесьсе: Выплыць з хлява можна хіба на гандоле
Выплыць з хлява можна хіба на гандоле

Цяпер пад мэтровай глыбінёй – несабраны летась ўраджай бульбы, капусты, цыбулі дзясяткаў аднавяскоўцаў Вусіка. Гаспадар расказвае, што патопу папярэднічала ўзбуйненьне чыгуначнага вузла: падчас перабудовы майстры засыпалі трубы, празь якія вада цякла далей. Цяпер Залесьсе нагадвае зону штучнага забалочваньня:

“Два лебедзі колькі дзён сядзелі, чайкі пастаянна тут, качкі ледзьве ня гняздуюць. І так ужо два гады. А спэцыялісты папярэджваюць: ад дзікай і свая птушка можа элемэнтарна заразіцца ў сувязі з птушыным грыпам. Я з-за гэтага цяпер сваіх курэй нікуды не выпускаю. Дый тых кур толькі сем і засталося...”

Карэспандэнт: “Ад іншых чуў, што нават гадзюкі ў вас тут зьявіліся?..”

“Хутчэй не гадзюкі, а вужакі. Так, яны ёсьць... А плот, як бачыце, увесь валіцца, слупы падмыла. Купіў абрэзкаў і ўсё наноў раблю. Зноў стаўлю, бо інакш ніяк”.

Аграгарадок, Залесьсе: Залеская “анамалія” з вышыні палёту свойскай птушкі
Залеская “анамалія” з вышыні палёту свойскай птушкі

Два гады таму пасьля ліўня некалькі гектараў сушы апынуліся пад вадой, узровень якой бесьперапынна падвышаецца. Сёньня побыт залескіх сем’яў наўпрост зьвязаны з выпрацоўкай мэханізмаў ратаваньня. Спадарыню Людмілу хвалюе нават ня столькі верагоднасьць чарговым разам страціць ураджай, колькі лёс трохпавярховага дому, дзе жыве больш за дзясятак сем’яў:

“Два гады мы плаваем у сваім склепе, як па вялікім моры. Бывалі моманты, што вада даставала да поясу. Усё ў падвешаным стане: вісіць у мяхах бульба, буракі, капуста, слоікі з кампотамі і варэньнямі. Людзі баяцца, што ўсё разбурыцца, разваліцца. І ў якія службы мы ні зьвярталіся (нават у адміністрацыю прэзыдэнта) шлюць на раён адпіскі, але нічога ня зрушваецца з месца. Прыедзе служба ЖКГ, адкачае ваду; толькі ад’едзе – зноў вады столькі ж. Але самае страшнае, што дом можа рухнуць. Бо два гады ўвесь час вада стаіць, падмывае падмурак, сьцены, і мы баімся. Глядзіш тэлевізар і бачыш, колькі ўсялякіх трагічных выпадкаў, калі дамы складваюцца. І вось ад гэтага ўжо страшна”.

Аграгарадок, Залесьсе: Галоўны абутак вяскоўцаў – гумовыя боты
Галоўны абутак вяскоўцаў – гумовыя боты

Аграгарадок, Залесьсе: Увесь харчовы запас “вісіць” над вадой
Увесь харчовы запас “вісіць” над вадой

Летась Залесьсю было прысвоенае ганаровае званьне “аграгарадок”. Першымі рэальнымі захадамі нібыта на добраўпарадкаваньне тэрыторыі былі: знос амбуляторыі і ўкладаньне новага асфальту. Як кажа Мікалай Вусік, пасьля таго клопату давялося прадаць кароў, сьвіней, зарэзаць курэй – вада паднялася да крытычнай адзнакі. 20 пчаліных сем’яў ад пастаяннай сырасьці загінулі самі, засталася толькі адна:

“Ухвалілі статус – аграгарадок. Мы зьдзіўляемся: ні газ не падведзены, ні вада, нічога. Які гэта аграгарадок? Хто яго прымаў? Плян плянам, але ж сумленьне павінна быць! А так, каб толькі адпісацца. У нас тое ж было і да “аграгарадка”. Быў асфальт, а як цяпер паклалі, колькі грошай угробілі? З аднаго боку паставілі бардзюры, а ўхіл – у двары. Мала, што і так топімся, дык яшчэ і дажджавая вада на адзін бок. Ліўнёвак не парабілі – зразумела, гэта ж выдаткі. Але ж вы рабіце па-чалавечы; нідзе так няма, у горадзе дакладна. І ў дом, і ў агарод вада з асфальту цячэ. А быў стары асфальт, усё як трэба сьцякала, у два бакі. Што дадалі? Бардзюры паставілі і за гэта грошы ўзялі. Які аграгарадок?”

Аграгарадок, Залесьсе: Парнікі як “лятучыя галяндцы”
Сярод колішніх градаў – парнікі як “лятучыя галяндцы”

Апроч таго, што страхавыя кампаніі адмаўляюцца лічыць пераўтварэньне Залесься ў Вэнэцыю стыхійным бедзтвам і страхаваць ураджай ды гаспадарчыя пабудовы, у вяскоўцаў шчырае зьдзіўленьне выклікае няздольнасьць уладаў справіцца зь нескладанай задачай. Як кажа Мікалай Вусік, залеская праблема ў параўнаньні з глябальнай меліярацыяй – нішто:

“Пры сёньняшняй тэхніцы Палесьсе асушылі, такую дрыгву. А гэта ў Залесьсі не асушыць пры такіх магчымасьцях! Няхай гаворка не пра соткі, а нават пра пару гектараў (надзелы па 6-10 сотак, тут чалавек 20 трымалі гароды). Ну, няхай сабе 2 гектары. Тут нават не асушваць трэба, а толькі прапіхнуць ваду далей. Мы ж бачылі, што гэтаксама прабівалі дарогу пад газавыя трубы, як шлі пад пуцямі. Дык і тут тое самае: паклаў трубы – і ўсё”.

Аграгарадок, Залесьсе: У склепе могуць рыхтавацца дайвэры
У склепе могуць рыхтавацца дайвэры – аматары экстрэмальнага ныраньня

Фота аўтара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG