Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы кіргізаў патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта Бакіева


Валер Каліноўскі, Прага У Кіргізстане працягваюцца масавыя акцыі з патрабаваньнямі адстаўкі прэзыдэнта Курманбэка Бакіева. Учора Бакіеў пайшоў на пэўныя саступкі апазыцыі, але гэта не спыніла хвалю пратэстаў.

Аб’яднаны фронт за лепшую будучыню Кіргізстану, які арганізоўвае пратэсты, узначальвае былы прэм’ер Фэлікс Кулаў. Апазыцыя абвінавачвае прэзыдэнта Курманбэка Бакіева ў тым, што ён ня выканаў абяцаньні, дадзеныя пасьля Цюльпанавай рэвалюцыі сакавіка 2005 году, якая пазбавіла ўлады былога прэзыдэнта Аскара Акаева.

Празь нейкі час пасьля рэвалюцыі многія зразумелі, што Бакіеў захаваў стыль кіраваньня свайго адхіленага ад улады папярэдніка і адмовіўся ад канстытуцыйнай рэформы, якая ўсталявала б лепшы балянс паміж галінамі ўлады.

Толькі пад ціскам вуліцы 10 красавіка Бакіеў унёс у парлямэнт праект новай Канстытуцыі, які б абмяжоўваў ягоную ўладу. Але кіргіская апазыцыя лічыць гэта недастатковым.

“Якая нашая мэта? Канстытуцыйныя рэформы і датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Ніякіх іншых. Аднак паплечнікам Бакіева гэта не падабаецца. Яны імкнуцца захаваць уладу любымі сродкамі”, - кажа апазыцыйны лідэр Фэлікс Кулаў.

Дзясяткі тысяч людзей сёньня выйшлі на вуліцы Бішкеку з галоўным лёзунгам: “Бакіеў павінен сысьці”.

Апазыцыя хоча сабраць да 50 тысяч чалавек, якія б дэманстравалі, пакуль Бакіеў не пакіне сваю пасаду. Для тых, хто зьбіраецца не сыходзіць з плошчы і ноччу, у цэнтры Бішкеку ўсталявана больш за сотню юртаў і намётаў. Парадак у цэнтры горада забясьпечвае каля 4000 міліцыянтаў.

Бакіеў абвінавачвае апазыцыю ў арганізацыі мітынгаў з мэтай дасягненьня уласных палітычных мэтаў.

“Яны хочуць уласнай улады, хочуць адстаўкі законна абранага прэзыдэнта і гатовыя дзеля гэтага на любыя дзеяньні. Рэалізуецца прадуманая стратэгія на зьмену ўлады неправавым шляхам – на дзяржаўны пераварот”, - лічыць кіргіскі прэзыдэнт.

Назіральнікі мяркуюць, што калі Бакіеву і ўдасца ўтрымацца на сваёй пасадзе, давер да яго ўпадзе. На мінулым тыдні дэманстрацыі пратэсту перакінуліся на гарады і вёскі паўночнай часткі краіны.
XS
SM
MD
LG