Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Маладым актывістам з правінцыі цяжка трапіць на вучобу ў Польшчу, Чэхію.."


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 11 красавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-аведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадарыня: “Пасаромеўся б Аляксандр Рыгоравіч у храме ілгаць. Пры дыктатуры ніколі ня будзе разьвітай эканомікі, у народа ніколі ня будзе сьветлай будучыні”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! На пытаньне, як скончацца падзеі ва Ўкраіне. Я думаю, што яны скончацца на карысьць дэмакратыі, то бок дарагога і любімага спадара прэзыдэнта Віктара Юшчанкі. Усе 23 губэрнатара Ўкраіны падтрымліваюць прэзыдэнта. Грошы на выбары яны знойдуць. У дадзенай сытуацыі прэзыдэнту народа трэба арыштаваць расейскага бальшавіка Януковіча. І суд няхай судзіць за грубае парушэньне ўказу прэзыдэнта, а таксама выставіць рахунак за фінансаваньне прыезду бальшавікоў у Кіеў для яго падтрымкі. Што можна ў дадзенай сытуацыі параіць Вам, браткі і сёстры ўкраінцы? Тлумачце сваім родным і знаёмым, чаму Вы падтрымліваеце Віктара Юшчанку. Калі пераможа дэмакратыя, у Вас рэзка праз два-тры гады падвысіцца жыцьцёвы ўзровень. Прыклад: Эўропа, Прыбалтыка. Жыве Беларусь!”

Спадарыня, Пінск: “Прывітаньне зь Пінску. Хачу зьвярнуцца ўвагу на праблему вучобы ў Чэхіі. На першы погляд, працуе праграма зь вельмі вялікімі магчымасьцямі для моладзі, якая ў Беларусі зьяўляецца апазыцыяй. А што насамрэч, у рэальнасьці? Маладзёну, які займае актыўную палітычную пазыцыю, удзельнічае ў многіх мерапрыемствах, зьведвае пастаянны ўціск з боку ўлады, запужваньне, вельмі цяжка яму трапіць на вучобу ў Польшчу, Чэхію, нават ва Ўкраіну. Я маю на ўвазе маладзёнаў з правінцыі, канкрэтна зь Пінску, Кобрына, Лунінца, Бярозы.

Я ведаю канкрэтныя прыклады. Людзі дасылаюць дакумэнты, але ніякіх адказаў. Мой сын летась ніяк ня мог падаць дакумэнты для навучаньня ў Чэхіі. Займаліся гэтым нашы праваабаронцы “Вясна” і “Салідарнасьць” – суцэльна адпіскі і адгаворкі. Потым ён усё сам знайшоў, вырашыў безь іх дапамогі. Знайшоў ВНУ з добрай праграмай, са спэцыяльнасьцю, якая яму вельмі падабаецца. Цяпер яго сябра выдаў праграму ва ўнівэрсытэт Карлавых Вараў. Быў зварот ва ўнівэрсытэт, прыйшоў адказ, што ўсімі пытаньнямі па навучаньню беларусаў займацца асобны чалавек, трэба зьвяртацца да яго. Даслаў дакумэнты, рэкамэндацыю, аўтабіяграфію на e-mail. Адказ: “Вышліце поштай”, каб подпісы ў рэкамэндацыі былі сапраўднымі, аўтабіяграфія і матывацыя па-ангельску. Добра. Выслаў. Прыходзіць адказ: “Усё павінны быць па-ангельску”. Усё абсалютна. Дзе маладзён з правінцыі знойдзе добрага перакладчыка? Дзе ён возьме гэтыя грошы? А калі будуць дакумэнты па-беларуску, па-руску? Такое ўражаньне, што гэта наўмысная перашкода для людзей з правінцыі. Гэта не адзінкавы выпадак, паверце. Можа, трэба зьвярнуцца да досьведу ўраду Масарыка? Трэба як мага больш людзей паслаць на вучобу менавіта з правінцыі, а не ствараць ім перашкоды.

Іван Нелукашоў: “Добрай раніцы, “Свабода”. Калісьці чытаў, што ў 60-70-х гадах у краінах Паўднёвай Амэрыкі – Аргентыне, Бразыліі, Балівіі і гэтак далей – былі так званыя калёніі ці паселішчы, заснаваныя былымі злачынцамі фашыстоўскай Нямеччыны. Пэўныя паралелі ўзьніклі ў мяне, калі я пачуў пра заснаваньне беларускага гарадку ў Вэнэсуэле. Рыхтуецца яшчэ адзін пляцдарм, каб было куды ўцячы са скрадзенымі грашыма, калі дыктатуры дадуць пінком пад зад. І такія пляцдармы ёсьць на Кубе, Блізкім Усходзе і ў іншых месцах. Людзі, якія ня чыняць злачынстваў, не рыхтуюць месцаў для адыходу”.

Аляксандр Лапіцкі: “Вялікі дзякуй Радыё Свабода, што дае магчымасьць кожнаму беларусу выказаць яго меркаваньні пра ўнутраную і зьнешнюю палітыку дзяржавы і палітычных партый. Вялікі жаль, што такой магчымасьці пазбаўлены народ, каб выказаць сваё меркаваньне ў дзяржаўных сродках інфармацыі, на радыё і па тэлебачаньні”.

“Радыё Свабода паставіла слушнае пытаньне Зянону Пазьняку, ці была зроблена зь яго боку тактычная памылка падчас барацьбы за пасаду прэзыдэнта, калі Беларускі Народны Фронт у аснову сваёй палітыкі паклаў прапаганду непрыязьні да расейскай мовы і Расеі. Зянон Пазьняк адказаў, што гэта не была памылка, што гэта была барацьба за незалежнасьць ад Расеі, і дадаў, што той, хто думае ня так, як ён, зьяўляецца або дурнем, або ворагам народу. “Дурань” і “вораг народу” – не аргумэнт правільнасьці палітыкі, а ёсьць няздольнасьць да дыялёгу з апанэнтамі і нежаданьне зрабіць слушныя высновы са сваёй палітыкі. Бо калі Зянон Пазьняк разумнейшы за іншых і любіць сваю Радзіму і свой народ больш, чым іншыя, то чаму гэты народ ня выбраў яго прэзыдэнтам падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў, і ня выбраў стаўленіка партнаменклятуры Кебіча, ярага прыхільніка Расеі. Чакаю адказу на пытаньне”.
XS
SM
MD
LG