Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “У тую ноч кіраваў “апэрацыяй” Лукашэнка


Сяргей Навумчык, Прага 11 красавіка 1995 году дзевятнаццаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня абвясьцілі галадоўку, пратэстуючы супраць прапанаванага прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні Бел-Чырвона-Белага Сьцягу і Гэрбу “Пагоня” як дзяржаўных сымбаляў, скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Пасьля абвяшчэньня галадоўкі, калі дэпутаты БНФ селі каля трыбуны, большасьць дэпутатаў ВС не прагаласавалі за прапановы Лукашэнкі. Аднак ўначы 12 красавіка ў Авальную залю былі ўведзеныя войскі; людзі ў чорных масках (падразьдзяленьне КДБ “Альфа” ) зьбілі дэпутатаў і выцягнулі іх з будынку. На сувязі з Нью-Ёрку – старшыня Апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня Зянон Пазьняк.

(Навумчык: ) Спадар Зянон, у нашай гутарцы я хацеў бы адысьці ад храналёгіі, бо пра падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка шмат напісана і, напэўна, будзе напісана яшчэ болей. І ўсё ж, перш чым перайсьці да аналізу, хацеў бы запытацца вось пра што. 18 ліпеня 1995 года ў Кіеве, пад час пахаваньня Патрыярха Уладзімера, спэцназ жорстка зьбіў удзельнікаў жалобнага шэсьця. Але труну ўдалося апусьціць у зямлю, бо вакол стаялі дэпутаты Вярхоўнай Рады, і ніводзін з міліцыянтаў, спэцназаўцаў не пасьмеў ударыць лідэра апазыцыі Вячаслава Чарнавіла. У красавіцкую ноч у Авальнай залі Вам дасталася больш за астатніх. Кажу гэта як сьведка, бо Вы сядзелі перада мной і я, перш чым мяне выцягнулі, пасьпеў пабачыць, як адзін ў чорнай масцы з разьбегу стукнуў Вас нагой у грудзі, а другі пачаў выціскаць вочы. Вы маглі ўявіць, што супраць Вас, супраць дэпутатаў будзе прымененая грубая фізычная сіла?

(Пазьняк: ) “Я ўявіць такое ня мог. Але гэта навяло мяне на думку, што істоты ў масках былі чужыя ў Беларусі людзі. Цяпер, праўда, афіцыйна, з выступу генэрала КДБ Кеза ў Вярхоўным Савеце вядома, што ў тую ноч на нас напалі батальён спэцназу ў 600 чалавек, і група КДБ "Альфа". Але я і цяпер не выключаю. што там маглі быць спэцыяльныя людзі з Масквы. Другая думка, якая прыходзіць -- што магла быць спэцыяльная рэкамэндацыя Лукашэнкі -- "Даць і не цырымоніцца!", Наколькі я ведаю ягоную адвечна пакрыўджаную душу, сузіраньне на маніторы сцэны, як нас бьюць і зьневажаюць, было для яго незабыўнай асалодай і хвілінай шчасьця. У гэты момант ён мог, напэўна, адчуць сябе "вялікім". І трэці фактар. Была глыбокая ноч, у зачыненым памяшканьні. Нападнікі былі бяз сьведак і з гарантаванай індульгенцыяй. Гэта паспрыяла праяўленьню цёмных інстынктаў. А з падзеямі ў Кіеве тут – няма параўнаньня”.

(Навумчык: ) Канешне, можна ўявіць, што гэтыя трэніраваныя шэсьцьсот чалавек маглі зрабіць з дзевятнаццацьцю дэпутатамі. З другога боку – чыста тэхнічна, пры жаданьні яны маглі і не зьбіваць, а проста вынесьці дэпутатаў з Авальнай залі. Але зьбівалі ў залі, зьбівалі, калі цягнулі па фае і па лесьвіцы, і ў “варанкі” закідвалі галавой наперад. Усё гэта зафіксавана судмедэкспэртызай і сьледзтвам. Зразумела, што дзейнічалі ў дакладнай адпаведнасьці з загадам. Якая была мэта такіх дзеяньняў (не забіць, але моцна зьбіць)?

(Пазьняк: ) “Не сумняваюся, што тут было асабістае ўказаньне Лукашэнкі, які прысутнічаў у тую ноч ў Доме ўраду і кіраваў “апэрацыяй”. Тут ён увесь як у люстэрку. Мы яго добра ведаем яшчэ па футбольных трэніроўках, калі ён ашалела ганяўся па полі за Юрыем Беленькім. Для людзей такога тыпу псыхікі важна было засьведчыць, што ён нас не паважае і ў грош ня цэніць. Гэтым ён пасылаў нам сваё паведамленьне, маўляў, вы -- ніхто і нішто. І гэта ўзьвялічвала яго ва ўласных вачох. Адным словам, звычайная банальшчына вялізарнай улады і маленькага чалавека”.

“Грамадзтва не было нацыянальным”

(Навумчык: ) Адразу пасьля гвалтоўнага спыненьня галадоўкі Васіль Быкаў заявіў па Свабодзе, што з гэтага моманту ў “краіне закіруе прэзыдэнцкая хунта”. Але факт застаецца фактам: грамадзтва – ва ўсялякім разе, большая яго частка, -- абыякава паставілася да гэтай падзеі.

(Пазьняк: ) “Таму што беларускае грамадзтва на той час (і тым больш -- цяпер) у большасьці сваёй не было яшчэ нацыянальным грамадзтвам. Гэта было тыповае савецкае грамадзтва, якое рэагавала на ўсё адпаведным савецкім чынам. Калісьці студэнтам я жыў на кватэры ў аднаго добрага чалавека, вайсковага старшыны. Ён выхоўваў свайго малалетняга сына дзягай і адной фразай: “Нікуда не лезь і нічаво ня дзелай”. Вось вам квінтэсэнцыя савецкіх грамадзкіх паводзінаў -- галаву ў пясок, і мяне не датычыць. Што да некаторых псэўдаапазыцыйных дзеячоў, дык яны альбо тады былі ў хунце, падтрымлівалі Лукашэнку ў гэтай гнюснай справе, альбо, ў лепшым выпадку, маўчалі. Гэта прэм’ер Чыгір, Ганчар, Булахаў, Лябедзька, міністры Лявонаў і Марыніч, Фядута і іншыя. Усе яны ціха маўчалі і ціха радваліся. Хаця, павінен сказаць, тады іхняя роля была больш прыстойная, чым цяпер.

(Навумчык: ) Некаторыя заходнія газэты на наступны дзень выйшлі з рэпартажамі на першых палосах. Выказаў пратэст Дзярждэпартамэнт ЗША. Група літоўскіх дэпутатаў выказала пратэст. Але – толькі група, не парлямэнт. І давайце прызнаем, што міжнароднай рэакцыі – той, на якую магла разьлічваць апазыцыя – не было. Чаму, як Вы мяркуеце?

(Пазьняк: ) “На той час Захад не лічыў Лукашэнку дыктатарам і думаў, што ў Беларусі ёсьць нейкая квазідэмакратыя. Падзеі ў Беларусі ў ноч на 12 красавіка ня ўкладваліся ў іхнія заходнія мазгі. Яны ня ведалі, як сябе паводзіць. Ведаеце, гэта як сабака, якому на сьлед махоркі насыпалі -- ён і разгубіўся. Што датычыць Летувы, дык тут усё звычайна. Калі мы, беларускія дэпутаты, па просьбе Ландзбергіса сядзелі ў ягоным кабінэце ў Вільні ў Вярхоўным Савеце і чакалі савецкіх танкаў, каб быць сьведкамі магчымых падзеяў, -- гэта для іх было адно. А калі войскі ўварваліся ў Вярхоўны Савет у Менску , і зьбілі нас, беларускіх дэпутатаў -- гэта ж ужо другое. Чаго ж тут зьдзіўляцца? Я ўжо не кажу ўвогуле пра нашую падтрымку тады іхняй незалежнасьці. Цяпер яны мяне ўжо не пазнаюць. Але ўсё гэта, як кажуць, старое, як сьвет”.

“Вялікае трымаецца на вялікім”

(Навумчык: ) Дзевятнаццаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ спрабавалі супрацьстаяць рэфэрэндуму, які потым шмат кім быў ацэнены як “нацыянальная ганьба”, пасьля якога этап нацыянальнага Адраджэньня быў спынены. Аднак нядаўна ў “Нашай Ніве” была выказана думка, што ня ўсё так трагічна, што “працэс разьвіцьця культуры і мовы набыў натуральны характар” (гэта значыць, разьвіваецца і без дзяржаўнага спрыяньня), а “сёньняшняя беларуская культура — гэта сучасная дынамічная культура, збудаваная, напрыклад, на такіх кітах, як «ARCHE», Глёбус і Інтэрнэт”. Вы згодны з такімі аптымістычнымі ацэнкамі?

(Пазьняк: ) “Усё гэта можна ўспрыняць толькі як жарт, асабліва пра "кітоў". Калі плююць у твар -- ня трэба прыкідвацца, што дождж ідзе. Гэта нейкі мазахізм, збочанасьць у мазгах. Дарэчы, беларуская культура трымаецца на Купалу, на Коласе, на Быкаве, на Багдановічы, на Барадуліне, Разанаве, Бураўкіну, Някляеве... Словам, вялікае трымаецца на вялікім, трывалае -- на трывалым, нацыянальнае -- на нацыянальным. Шчыра кажучы, мяне часам палохае гэтая багемнасьць, гэтая другаснасьць думаньня сярод чумы. У такіх выпадках часам да болі ў душы адчуваю, што не хапае Быкава.

“Выпраўленьне дэфармацыі трактуюць як радыкалізм”

(Навумчык: ) Сярод пытаньняў, вынесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум 1995 году, галоўнымі ўяўляліся статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Шэраг сёньняшніх апазыцыйных палітыкаў закідаюць пэрсанальна Вам папрок, што ў пачатку 90-ых была зробленая галоўная памылка – а менавіта, што гаварылася пра неабходнасьць беларусізацыі. І што ня варта было казаць ні пра мову, ні пра ўзаемаадносіны за Расеяй...

(Пазьняк: ) Цяперашнія так званыя апазыцыйныя палітыкі ў той час -- у 90-ых гадах - былі альбо ў стане намэнклятуры і выступалі супраць Беларускага Народнага Фронту, альбо сядзелі на кухні і "ні ў што не ўмешваліся". Мне шкода часу камэнтаваць іхныя кухонныя разважаньні. Гэта вечны маргінэз. І вечнае аматарства, нават калі ім займаецца агентура.

Палітычная барацьба заснаваная на жорсткіх правілах --дэкляруецца ідэя і мэтады яе ажыцьцяўленьня. Толькі гэтыя дзеяньні зьбіраюць прыхільнікаў і арганізуюць сілу. Сілай можна перамагчы. Альбо -- саступіць іншай сіле. І вось тады на стадыёне зьяўляюцца мудрацы -- аматары, кухонныя палітыкі, якія кажуць, што сьвечку трэба ставіць пад стол, што трэба "прыкінуцца шлангам" і павесьці за сабой народ. А потым, прывёўшы, сказаць: "Стой, кругом! Крокам руш!".Такое вось паняцьце. Глупствы такога кшталту гучаць увесь час. Яны несьмяротныя, як несьмяротныя дурні.

Нядаўна ў Менску два арыгіналы кухоннай думкі на поўным сур''ёзе прыкінуліся сьвяцейшымі за Лукашэнку (ўсё згодна з "тэорыяй шлангу") і абвясьцілі мітынг "едіненія" з Расеяй, пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і расейскім трыкалёрам. На мітынг прыйшло тры з паловай чалавекі. Але ніякіх высновах са сваіх дзіцячых разважаньняў гэтая публіка, натуральна, ня робіць. Яны спэцыялізуюцца па тэме : даваць парады "мінуламу" Пазьняку і шукаць памылкі.

Дарэчы, пра "памылкі". І праўда пра Чарнобыль, і праўда пра Курапаты, і галоўнае -- Незалежнасьць Беларусі сталі магчымымі толькі таму, што БНФ, найперш -- дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце -- не нарабілі памылак. На вайне бывалі перамогі авангарду на полі бою. Але не было яшчэ такога выпадку, каб палітычны, грамадзкі авангард і 8 адсоткаў дэпутатаў у парлямэнце легальнымі, палітычнымі, парлямэнцкімі сродкамі выйгралі бітву за Незалежнасьць. Выйгралі таму, што дзейнічалі разумна, дакладна, сьмела і рашуча. І галоўнае -- не зрабілі ніводнай памылкі! Любая памылка ў той сытуацыі магла б абярнуцца паразай. Масква гэта разумее. Таму скрыгоча зубамі пра "памылкі " бясконцаю. Ня ведаюць, за якое месца нас укусіць.

(Навумчык: ) Але трэба прызнаць, што цяпер ўсё часьцей пра нацыянальную ідэю гавораць нават тыя, хто раней яе ігнараваў. Праўда, часта – без акцэнтаваньня на праблемах беларускай мовы і нацыянальнай культуры...

(Пазьняк: ) “Нацыянальная ідэя мае два галоўныя грамадзкія складнікі. Першы і першасны складнік -- нацыянальная мова. Другі -- нацыянальная незалежнасьць дзяржавы. Адмаўленьне ад галоўных складнікаў нацыянальнай ідэі могуць патрабаваць альбо круглыя дурні, альбо ворагі. Кухонная "тэорыя шлангаў" сюды не падыходзіць. Першасным мэтадам ажыцьцяўленьня нацыянальнай ідэі ёсьць унівэрсальная ідэалёгія нацыянальнага адраджэньня, якая палягае ў неабходнасьці адраджэньня ўсяго таго, што было разбурана акупантамі і дэфармавана імпэрцамі. Без адраджэньня разбуранага, без паправы дэфармаванага -- нацыянальная ідэя ня будзе мець ні грамадзкай, ні электаральнай базы.

Чужая імпэрская прапаганда супрацьпастаўляе Адраджэньню пазыцыю "статус кво", якая накіраваная на замацаваньня вынікаў акупацыйнай палітыкі ў якасьці сацыяльнай нормы, на якую мусіць абапірацца ўсялякае праўнае і грамадзкае дзеяньне. Зьмяненьне дэмаграфічнай сытуацыі ў выніку генацыду, зьнішчэньне беларускай школы, забарона беларускай мовы, русыфікацыя, -- усё гэта прадстаўлялася рускімі камуністамі і імпэрцамі усіх масьцяў як існуючая норма грамадзтва. Як існуючае дэ-факто. А яно так і было.

Грамадзкая дэфармацыя -- вынік антыбеларускай палітыкі -- прадстаўлялася як "статус кво", на падставе якога мусіў бы і далей існаваць народ. Усялякая спроба выпраўленьня дэфармацыі трактавалася імпэрцамі як радыкалізм, экстрэмізм, парушэньне парадку, гвалт над грамадзтвам і гэтак далей.

Агрэсіўнасьць пазыцыі "статус кво" вынікае зь яе імпэрскай антыбеларускай сутнасьці Усе антынацыянальныя, так званыя "агульнадэмакратычныя" і прамаскоўскія групы стаялі і стаяць на пазыцыі "статус кво". З гэтай жа пазыцыі вынікае і кухонная філязофія "прыкідваньня", патрабаваньне "не выпячвацца з нацыянальнай ідэяй, з беларускай мовай" і гэтак далей. Усё гэта гучыць часам камічна, але ня выглядае, аднак, такім ужо і сьмешным, бо адлюстроўвае выразную антыбеларускую пазыцыю, выяўленую ў дэмагагічнай і бесталковай форме".



На здымку: у Авальнай залі 11 красавіка 1995 г.
XS
SM
MD
LG