Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэмакраты прапануюць Гарадзенскі рэгіянальны парлямэнт


Уладзімер Глод, Менск Сёньня і заўтра ў Вільні пройдзе канфэрэнцыя “Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі і яе грамадзянаў”. Адметнасьць форуму ў тым, што ў ім будуць удзельнічаць ня толькі кіраўнікі палітычных структураў, якія ўваходзяць у Палітраду аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але й прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, экспэртнай супольнасьці, рэгіянальных кааліцыяў.

Кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас тлумачыць як свой асабісты ўдзел у форуме, так і іншых прадстаўнікоў Рады, “неабходнасьцю падключацца да гэтага працэсу”:

“Каб было ўсё добра, мы можа б праяўлялі менш актыўнасьці. Але паколькі далёка ня ўсё добра, і гэта мы бачым, дык, спадзяемся, наша роля будзе даволі значная. Тут трэба згадаць першы сход нашай беларускай інтэлігенцыі, пасьля якога і пачаліся працэсы кансалідацыі. Менавіта яны прывялі да стварэньня “Пяцёркі+” і г.д. Безумоўна, ня ўсё прайшло ідэальна, ёсьць хібы, ёсьць праблемы. Але ж трэба мець цярпеньне, мець волю і працягваць гэты працэс.

Зараз сытуацыя крышку нагадвае ранейшую. І таму мы лічым, што наш удзел неабходны”.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін задаволены, запрашэньнем на форум рэгіянальных палітыкаў:

“Я еду ў Вільню з такім настроем, што мы павінныя паўплываць на тыя рашэньні, якія цяпер прымаюцца ў Менску. І я лічу, што сваёй прысутнасьцю мы паўплываем на некаторыя рашэньні нашых менскіх лідэраў. Мы хочам дэцэнтралізацыі прыняцьця рашэньняў. У нас ёсьць як агульныя прапановы, так і менавіта тыя, што ахопліваюць рэгіянальную дзейнасьць. Мы хочам рабіць канкрэтную справу ў Горадні, жадаем стварыць тут Гарадзенскі рэгіянальны парлямэнт. Я думаю, гэты праект будзе ў нас мець посьпех”. Арганізатары форуму спадзяюцца нарэшце цалкам дапрацаваць праекты ўсіх дакумэнтаў, якія потым зацьвердзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў. Гэта, перадусім, канчатковыя рэдакцыі “Малой Канстытуцыі”, эканамічнай плятформы ды стратэгіі дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG