Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мазырскіх нафтаперапрацоўшчыкаў арыштаваны рахункі


Міхал Стэльмак, Менск У Мазыры дэстабілізавана праца мясцовых нафтаперапрацоўшчыкаў. Урад запатрабаваў ад іх шматмільярдных выплатаў на карысьць дзяржавы. У выніку заробкі рабочых скараціліся, паралізавана гаспадарчая дзейнасьць.

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе прыпынена дзеяньне калектыўнай дамовы на сёлетні год. Адміністрацыя ня ў стане выканаць абавязацельствы перад рабочымі. Гаворыць старшыня заводзкай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу Юры Швец:

Швец: “Мы сядзім бяз грошай. У нас зарплата ўпала. Таму што прыбытку няма. У нас людзі ж атрымлівалі прэміі з прыбытку, усялякія прыбыткі за стаж, сацыяльныя выплаты на юбілеі, на пахаваньні, на дзяцей, на інвалідаў. Усё гэта спынена, таму што няма прыбытку. Мы працуем толькі дзеля працы. Папаўняем казну Рэспублікі Беларусь, а сабе нічога не застаецца”.

Паводле прафсаюзнага лідэра, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі на заводзе выклікана новымі ўмовамі нафтазабесьпячэньня. Цэны на нафту, устаноўленыя паводле нядаўніх дамоўленасьцяў з Расеяй, зьядаюць даходы прадпрыемства. Але гэта ня ўся бяда. Спадар Швец:

Швец: “Плюс сытуацыю пагоршыла тое, што з Новага году ўлада выставіла нам рахункі для папаўненьня некага там нацыянальнага фонду. То бок нашы старыя запасы пойдуць на выплату выстаўленых нам рахункаў. У нас рахункі арыштаваныя. Улада працягвае спаганяць усе сродкі, пакуль не выскрабе ўсё, што нам выставіла. А выставіла яна нам 229 мільярдаў”.

Апроч нафтаперапрацоўчага заводу, пацярпела ў Мазыры й таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Мазырскі НПЗ плюс”. Гэтае прадпрыемства займалася камэрцыйнымі праектамі – перапрацоўвала расейскую нафту на давальніцкіх умовах. Яшчэ летась яно квітнела, фінансавы стан дазваляў утрымліваць семдзесят работнікаў. Але сёлета, як паведаміў адзін зь іх, прадпрыемства апынулася на мяжы банкруцтва:

Супрацоўнік: “Сытуацыя такая. Нам пастановай Савету Міністраў прадпісана пералічыць 65 мільярдаў рублёў. У нас гэтых грошай няма. У нас на сёньняшні дзень рахункі заблякаваны. Маёмасьць падатковай інспэкцыяй арыштоўваецца. У сувязі з чым наш калектыў ужо зьвярнуўся да прэзыдэнта зь лістом з просьбай разабрацца ў сытуацыі, што склалася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG