Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зачыняць alma mater сыноў Лукашэнкі?


Ігар Карней, Менск Некаторыя СМІ паведамілі, што Міністэрства адукацыі разглядае магчымасьць ліквідацыі Факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Калі факультэт будзе зачынены, хто будзе рыхтаваць дыпляматаў для Беларусі? Дзе працуюць выпускнікі факультэту міжнародных адносінаў?

"Пакуль у нас ніякіх зьвестак няма.

У кастрычніку 1995 году на базе аддзяленьняў “міжнародныя адносіны”, “міжнароднае права” і “міжнародныя эканамічныя адносіны” гістарычнага, юрыдычнага і філязофска-эканамічнага факультэтаў Белдзяржунівэрсытэту стварылі факультэт міжнародных адносінаў. Сёлетняй восеньню споўніцца 10 гадоў, як студэнты пачалі займацца ў асобным будынку.

Інфармацыя пра магчымую ліквідацыю факультэта міжнародных адносінаў зьявілася са спасылкай на чыноўнікаў Міністэрства адукацыі. Гэтыя чыноўнікі, імя якіх у мэдыях не называецца, падкрэсьліваюць, што ініцыятыва сыходзіць ад адміністрацыі прэзыдэнта.

Намесьніца начальніка Управы пэрспэктыўнага разьвіцьця і аналітычнай працы БДУ Вольга Шчадрына кажа, што ня можа адказваць за пляны свайго кіраўніцтва. Аднак, запэўнівае яна, сёлета ніякіх радыкальных зьменаў у працы факультэту міжнародных адносінах не плянуецца.

Шчадрына: “Абвешчаны набор, абітурыенты ведаюць, што такі факультэт існуе і на яго ў гэтым годзе будуць набірацца студэнты. А што будзе калісьці – будзем бачыць. Самі ведаеце, што ўсё можа быць. Вось гэта дакладна магу сказаць наконт агучанай раней інфармацыі. А што да ўсяго астатняга, то пакуль у нас ніякіх зьвестак няма”.

alma mater сыноў Лукашэнкі

На факультэце міжнародных адносінаў навучаюцца 2 тысячы студэнтаў, падвышаюць кваліфікацыю больш за паўсотні магістрантаў, асьпірантаў і дактарантаў. Апроч беларусаў, тэарэтычную і практычную падрыхтоўку атрымліваюць 150 навучэнцаў з 20 краін сьвету.

У 2006-м годзе на бюджэтную форму навучаньня набралі 145 чалавек, а на платную ўдвая болей -- 330. Факультэт закончылі і два сыны Аляксандра Лукашэнкі – Віктар і Зьміцер

Да моманту абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Павал Знавец выкладаў на факультэце дысцыпліну “Міжнароднае права” і спэцкурс “Дыпляматычнае і консульскае права”. Спадар Знавец перакананы: сэнсу ў ліквідацыі факультэту няма.

Знавец: “Лішніх кадраў не бывае. Тым больш, узровень адукацыі, узровень студэнтаў там вельмі высокі. У групе, дзе вучыўся старэйшы сын Лукашэнкі Віктар, за выключэньнем таго, што ён быў слабенькі ды яшчэ адзін-два студэнты, астатнія былі вельмі высокага узроўню. Таму прычыны ліквідацыі могуць быць іншыя. Той жа будынак, прыкладам. Але такога ўзроўню выпускнікі лёгка знойдуць працу ў любой фірме ці за мяжой (усе, дарэчы, -- зь веданьнем двух замежных моваў)”

Карней: “Кажуць, што факультэт ледзьве не на сем гадоў наперад нарыхтаваў спэцыялістаў...”

Знавец: “Наконт сямі гадоў наперад нічога сказаць не магу. Таму што, у прынцыпе, людзі адыходзяць у іншы сьвет, на іх месца мусяць прыйсьці новыя кадры. Адыходзяць таксама на пэнсію дыпляматы. Таму тут нешта пралічваць цяжка. А што тады, праз сем гадоў, зноў адкрываць установу? Я дапускаю, што для такой краіны як Беларусь дастаткова было і аддзяленьне міжнародных адносінаў на тым жа юрфаку. Але калі ўжо факультэт быў створаны, то можна паралельна там рыхтаваць кадры ня толькі для зьнешнепалітычнага ведамства, але і для іншых структур, якія маюць стасункі на міжнародным узроўні”.

Дзе будзе вучыцца наступнае пакаленьне беларускай намэнклятуры?

Канстанцін Хадыка скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ пры канцы 1990-х. Ягоным аднакурсьнікам быў згаданы ўжо Віктар Лукашэнка. Непрацяглы час пасьля гэтага працаваў паводле атрыманай спэцыяльнасьці ў дзяржаўнай установе, потым заняўся арганізацыяй скаўцкага руху.

Спадар Хадыка сумняецца, што прэстыжны факультэт можа быць зьліквідаваны.

Хадыка: “Пры ліквідацыі такога факультэту паўстане пытаньне: дзе будзе вучыцца наступнае пакаленьне беларускай намэнклятуры? Таму я ня веру, што будзе нейкая рэарганізацыя. Сам па сабе факультэт, безумоўна, патрэбен. Іншая справа, што ён патрэбен краіне, якая мае неабходнасьць у дыпляматычных кадрах. Пакуль мне падаецца, што нават тыя афіцыйныя асобы, якія працуюць на МЗС, ня могуць дакладна патлумачыць, якая ў нас міжнародная канцэпцыя. Найперш, вось гэтае “далучэньне да руху недалучэньня” (што само па сабе дзіўна гучыць). І тут жа заявы пра саюз з Расеяй. Мне падаецца, што гэтага ніхто не разумее, бо гэта рэчы, якія не стасуюцца паміж сабой. Што датычна “апазыцыйнасьці” факультэту, то апошнім часам мажлівасьць маніторынгу настрояў у асяродку студэнтаў адсутнічае. Там вучыцца мо які тузін людзей зь вядомымі прозьвішчамі. Але зноў жа сумняюся, што нейкія крокі ў рэфармаваньні будуць адбывацца менавіта з-за гэтага”.
XS
SM
MD
LG