Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБЛОГа за 10 красавіка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра пляны ўраду зьліквідаваць крамы бязмытавага гандлю duty free на памежных пераходах, і пакінуць толькі адну – у аэрапорце “Менск-2“ (цытую) ”для абслугоўваньня дыпляматычных місіяў”. Захады тлумачацца тым, што праверкі выявілі незаконны гандаль алькаголю.

Камэнтары: “З нашымі касьмічнымі коштамі на імпартны алькаголь будзе яшчэ горш, калі duty free зачыняць”;

“Мой знаёмы цяпер працуе ў duty free, і ў яго заробак ўдвая большы за любога работніка мясцовага гандлю, вось ён узрадуецца”;

“Тыповае мысьленьне чыноўнікаў “ад сахі” – калі чымсьці ня ўмеем кіраваць, значыць гэта трэба забараніць”.

Аўтар сайту блогаў “Позірк” Barilotti рэфлексуе з нагоды інфармацыі пра хакерскі ўзлом сайту афіцыйнага тэлеканалу ОНТ. Barilotti дае спасылку захаваную старонку сайту ОНТ, дзе па-расейску напісана: “Нас прымушаюць вам хлусіць. З павагай, супрацоўнікі ОНТ, патрыёты Беларусі”.

“Друкаваньне любых падобных лістоў, роўна як і іншыя “нявінныя” хакерскія забавы, – справа ў сьвеце ня новая, – піша Barilotti. – Наступствы для палітычных хакераў у сьвеце вагаюцца ад штрафаў да турэмных тэрмінаў. Цікава, ці прывядуць “гульні патрыётаў” да болей рашучых крокаў па абмежаваньні свабоды звычайных інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі?”

Удзельнік інтэрнэт-суполкі By_mova Dunaj разважае пра тых, хто хоча пачаць гаварыць па-беларуску: “Што лепей – гаварыць так, як умееш, рабіць памылкі, паступова вучыцца, або гаварыць па-расейску, лічачы, што нельга "ганьбіць мову", размаўляць з хібамі?”

Камэнтары: “А інакш і немагчыма. Выключна праз паступовае кшталтаваньне”;

“Усё-ткі спрабаваць спачатку размаўляць па-беларуску зь людзьмі блізкімі, сябрамі - тымі, хто будзе прымаць вашыя памылкі як дадзенасьць (якая хутка памяняецца), а ня кпіць зь іх”;

“Мы ўсе калісьці з гэтага пачыналі”;

“Ненавіджу, калі да беларускае мовы ставяцца як да іканічнага фальклёру. Сюды ж адношу й тых "пурыстаў", што сьцьвярджаюць, маўляў, мова сьвяшчэнная, ды не дазваляюць "медведамі" ды мацюкамі карыстацца”.

Карыстальнік Arezu зьвяртаецца да ўдзельнікаў інтэрнэт-суполкі Minsk_by з пытаньнем: “Ці пагадзіліся б вы служыць у войску ЗША? Калі так, то на якіх умовах?”.

Адказы: “Як альтэрнатыва нашаму войску – пагадзіўся б”;

“Выключна ў касьмічных войсках – бараніць зямлю ад іншаплянэтнікаў”;

“Як сказаў адзін пацан: "Толькі ў касьмічным флёце Рэчы Паспалітай";

“10 тысяч даляраў за месяц цалкам задаволіла б”;

“Толькі памежныя войскі Вялікалітвы-Беларусі”.
XS
SM
MD
LG