Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігу Алеся Адамовіча


Ганна Соўсь, Менск У менскім Палацы мастацтва адбылася прэзэнтацыя кнігі Алеся Адамовіча “…Імя гэтай зорцы Чарнобыль”. У выданьне ўвайшлі лісты пісьменьніка, дзёньнікавыя запісы, артыкулы й выступы, а таксама аповесьць “Апошняя пастараль” і сцэнар “...Імя гэтай зорцы Чарнобыль”. Выхад кнігі прымеркавалі да 20-годзьдзя катастрофы на Чарнобылі й да 80-годзьдзя Алеся Адамовіча.

У пачатку прэзэнтацыі прагучалі запіс словаў Адамовіча зь фільму 1997 году паводле ягонай аповесьці “Vixi”:

“Як жа ня быць удзячным. Прырода адорвае сьмерцю толькі шчасьлівых. А жыцьцё пражыць — ня поле перайсьці. Як усё проста, але сказана назаўсёды і для ўсіх. Зь вечнасьці перабегчы ў вечнасьць. А на шляху столькі ўсяго…”



У залі пісьменьнікі Віталь Тарас, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Дракахруст, Алесь Пашкевіч, Вольга Іпатава, удава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна, амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы, экс-дэпутат Уладзімер Парфяновіч ды шмат іншых прыхільнікаў творчасьці Алеся Адамовіча.



Складальніца кнігі дачка пісьменьніка Наталя Адамовіч шмат гадоў зьбірае літаратурную і публіцыстычную спадчыну свайго бацькі.



“Сцэнар “Імя гэтай зорцы Чарнобыль” (дарэчы, гэта з Адкрыцьця Яна Багаслова) сцэнар пісаўся для амэрыканскага рэжысэра Стэнлі Крамэра, але, на жаль, ня быў з розных прычынаў пастаўлены і ня быў надрукаваны.

Мы надрукавалі сцэнар, і ён даў назву кнізе. Тым больш, што ў гэтай кнізе ня толькі Чарнобыль. Тэма чалавека і атаму Адамовіча хвалявала і цікавіла задоўга да чарнобыльскіх падзеяў”, — кажа дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч.



Прэзэнтацыю вядзе паэт Сяргей Законьнікаў.

У кнізе — унікальныя нататкі Алеся Адамовіча зь дзёньнікаў 1981—1992 гадоў, лісты Васілю Быкаву, Міхаілу Гарбачову, Стэнлі Крамэру, Яўгену Веліхаву (дарэчы, расейскі акадэмік напісаў прадмову да кнігі).

Удзельнічаў у выданьні кнігі й старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы. У сваім выступе ён адзначыў, што лічыць сябе вучнем Алеся Адамовіча. Паводле Грушавога, з Адамовіча і пачалася ўся дабрачынная дзейнасьць у Беларусі дзеля дапамогі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.



“У гэтай кніжцы ёсьць такія радкі Адамовіча: Як бы там што ні было, да канца жыцьця буду займацца трыма пытаньнямі. Першае — атамная энэргетыка. Трэба яе прытрымліваць. Другое пытаньне — вайна і мір. Адамовіч лічыў, што гэтае пытаньне таксама ня вырашанае. І трэцяе, каб страх не пераадолеў перабудову.

Гэта запавет нам. Тыя самыя пытаньні стаяць перад намі. Гэтай перабудовы не адбылося. І людзей па-ранейшаму запалохвае тая ж сыстэма, якая запалохвала іх, калі жыў Адамовіч.

Тое самае — атамная энэргетыка. Як ніколі актуальная тэма. Калі б ён жыў і быў побач з намі, я перакананы, ён быў бы першы сярод тых, хто супраць плянаў будаўніцтва АЭС у Беларусі”, — заявіў старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы.



Кніга Алеся Адамовіча “…Імя гэтай зорцы Чарнобыль” выйшла ў выдавецтве “Каўчэг” некалькі месяцаў таму — наклад 1 тысяча асобнікаў. Купіць выданьне можна ў менскай “Акадэмічнай кнізе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG