Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрыўся “Дом сустрэчаў” для ахвяраў нацызму


Радыё Свабода У будынку аб’яднаньня “Гістарычныя майстэрні ў Менску” стартаваў сумесны праект рэлігійных і гуманітарных арганізацыяў Нямеччыны й Беларусі. Ініцыятыва завецца “Забясьпечым годную старасьць”. Ад сёньня некалькі дзясяткаў ахвяраў нацызму атрымалі магчымасьць сустракацца. Фундатарам “Дому сустрэчаў” выступіў Дортмундзкі міжнародны адукацыйны цэнтар.

Некалькі дзясяткаў былых вязьняў менскага гета, ваеннапалонных, а таксама вывезеных у Другую ўсясьветную вайну на прымусовыя працы ў Нямеччыну сабраліся сёньня ў будынку на вуліцы Сухой.

Аднапавярховы дом, узьведзены ў 1900 годзе, грамадзкасьць двойчы бараніла ад зносу: менскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва тут элітнага жылога комплексу. Цяпер, як спадзяюцца ініцыятары праекту, у гарадзкога кіраўніцтва рука не падымецца пазбавіць даху некалькіх дзясяткаў ахвяраў нацызму.

Пра адметнасьць “Дома сустрэчаў”, як назвалі яго ініцыятары праекту, расказвае кіраўнік менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру Віктар Балакіраў:

“Галоўная ідэя — даць магчымасьць усім сталым людзям магчымасьць мець зносіны. Каб людзі не былі разьяднаныя, каб не былі абмежаваныя толькі чатырма сьценамі, каб не былі яны кінутыя сваімі сваякамі й блізкімі, а каб са сваім досьведам (а досьвед гэты збольшага аднолькавы, бо яны прайшлі вайну і шмат перажылі), сустрэліся, расказалі адзін аднаму пра свой лёс, расказалі моладзі, якая сюды будзе прыходзіць, журналістам. Вось, збольшага, сэнс праекту”.

Сёньня ўдзельнікі імпрэзы шмат згадвалі пра жахі вайны.

Алену Сраднёву арыштавала гестапа разам з братам у Смалявічах. Адтуль іх перавезьлі ў менскі карцар, а потым вывезьлі ў бэрлінскую турму “Аляксандар-пляц”. Там адседзела амаль паўгоду ў адзіночнай камэры сьмяротнікаў. Пасьля трапіла ў Асьвенцім. Але вызваленьне ледзьве не абярнулася арыштам на радзіме:

“Асабіста мне задалі пытаньне ў КДБ: чаму вы жывая? І тады я ў капітана запыталася: а вы самі былі на фронце?.. Хоць, магчыма, мне гэта чымсьці й пагражала, яны хацелі мяне тут ужо арыштаваць, але, ведаеце, усё гэта так надакучыла, што я не баялася ўжо нічога.

Таму вось вы запытваеце, ці ня крыўдна... А што крыўдаваць? Свой народ, павінны дараваць, павінны разумець. Бо ля ўлады стаяць людзі з розным разуменьнем, з розным сьветапоглядам. Так што — што ёсьць, тое ёсьць”.

Усе гэтыя людзі маглі памерці. Як Навум Хейфіц, вязень Дахаў:

“У нас не было ваеннапалонных, у нас не было вязьняў сумленьня. У нас былі толькі здраднікі. Так што і тады, і цяпер ці ёсьць сэнс удавацца ў палітыку?..

Што да мяне асабіста, то я быў вызвалены зь лягеру Дахаў амэрыканцамі 30 красавіка 1945 году. Нас эшалёнам везьлі ў Тыроль для ліквідацыі паводле загаду Гімлера: маўляў, ніводзін канцлягернік не павінен трапіць у рукі саюзьнікаў.

Дзеля выкананьня загаду нас везьлі на падрыхтаваныя для гэтай мэты мінныя палі, бо мелі ліквідаваць такую колькасьць народу, што печы і газавыя камэры справіцца ніяк не маглі. Але якраз дарогай нас вызвалілі амэрыканцы”.

За саветамі (дый цяпер таксама) пра вэтэранаў вайны згадваюць 9 траўня ды ў дзень вызваленьня Менску, а ваеннапалонных і вязьняў гета ўвогуле колісь прыраўноўвалі да злачынцаў.

Сёньняшнюю імпрэзу прымеркавалі да Вялікадня, які супаў ва ўсіх асноўных рэлігійных канфэсіях. Рабін Рыгор Абрамовіч з жонкай Ірынай да гэтага падрыхтавалі песьню, прысьвечаную сьвяту Пэйсах.

На здымках: Упершыню пасьля вайны многія з гэтых людзей змаглі расказаць пра свой лёс

Першае наведваньне “Дому сустрэчаў”

З сабой бралі нават унукаў

Гасьцям накрылі “велікодны стол”

У фае “Гістарычных майстэрняў” працуе выстава, прысьвечаная ахвярам нацызму

Фота аўтара
XS
SM
MD
LG