Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Галоўнага беларускага памежніка вызвалілі з пасады</B>


Алег Грузьдзіловіч, Менск Старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Аляксандар Паўлоўскі вызвалены з пасады ўказам прэзыдэнта. Назіральнікі аналізуюць вэрсіі адстаўкі — у тым ліку карупцыйную. Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком Дзяржкамітэту памежных войскаў палкоўніка Ігара Рачкоўскага. Да сёньняшняга прызначэньня ён узначальваў асобную службу актыўных мерапрыемстваў памежных войскаў.

10 красавіка Аляксандар Лукашэнка сваім указам вызваліў Аляксандра Паўлоўскага з пасады старшыні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў.

Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што генэрал-лейтэнант Паўлоўскі будзе звольнены з вайсковай службы.

Прычынаў адстаўкі Аляксандра Паўлоўскага з пасады, якую ён займаў болей за дзесяць гадоў, не паведамляюць.

Беларускі журналіст Вячаслаў Буткевіч, які спэцыялізуецца на праблемах беларускай мяжы, кажа толькі пра адну вэрсію адстаўкі:

“У мяне адзіная вэрсія пакуль — што яму нядаўна споўнілася пяцьдзясят пяць гадоў, і яго маглі проста адправіць на пэнсію ганаровую. А тое, што ў Берасьці й Горадні прайшлі працэсы над памежнікамі, якія бралі грошы за розныя паслугі злачынцам — то такія працэсы ідуць ўвесь час. Такім чынам, ня думаю, што гэтая адстаўка зьвязаная з карупцыяй”.

У памежным камітэце зьвестак пра адстаўку Аляксандра Паўлоўскага не камэнтуюць. Між тым некаторыя супрацоўнікі не хаваюць задавальненьня. “Мы даўно чакалі прафэсійнага памежніка ў кіраўнікі”, — заявіў адзін супрацоўнік на ўмовах ананімнасьці.

У Дзяржкамітэт памежных войскаў Аляксандар Паўлоўскі прыйшоў зь беларускага войска.

Раней ён камандаваў мэханізаванай брыгадай у Горадні, якая падпарадкоўвалася корпусу пад кіраўніцтвам цяперашняга міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава.

Аляксандар Паўлоўскі кіраваў памежным ведамствам зь верасьня 1996 году. Яму 57 гадоў. Да 1996 году ён служыў у танкавых войсках. У верасьні 1996 году быў прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўленьня памежных войскаў, са студзеня 1997 году займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў.

Новым старшынём Дзяржкамітэту памежных войскаў прызначаны палкоўнік Ігар Рачкоўскі. Дагэтуль ён займаў пасаду начальніка Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў Пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG