Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Хроніка палітычнага крызысу ва Ўкраіне: 10 красавіка </B>


Юры Дракахруст, Прага Палітычнае супрацьстаяньне ва Ўкраіне працягваецца: з усходніх і паўдзённых рэгіёнаў Украіны ў Кіеў едуць прыхільнікі кааліцыі, 5 канстытуцыйных судзьдзяў заяўляюць пра ціск на іх, безвынікова скончылася сёньняшняя сустрэча прэзыдэнта Віктара Юшчанкі з прэм’ер-міністрам Віктарам Януковічам.

Як паведамляе прэсавая служба прэзыдэнта, ягоная пазыцыя пасьля сустрэчы з кіраўніком ураду засталася нязьменнай – кампраміс паміж палітычнымі сіламі магчымы толькі пры ўмове правядзеньня датэрміновых выбараў.

Сёньня прэзыдэнт Юшчанка правёў нараду з кіраўнікамі сілавых ведамстваў. Пасьля нарады міністар абароны Анатоль Грыцэнка заявіў:

“Ніякім чынам ня ставілася пытаньне пра надзвычайнае становішча ці іншыя захады па ўзмацненьні ўплыву сілавых структур на сытуацыю, якая адбываецца. Наадварот, прэзыдэнт яшчэ раз дакладна заявіў, што ўсе сілавыя структуры і праваахоўныя органы павінны выконваць місію міратворчую, апалітычную”.

Заўтра Канстытуцыйны суд зьбіраецца пачаць разгляд канстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту і правядзеньні датэрміновых выбараў. Прэзыдэнцкая партыя “Наша Ўкраіна” патрабуе, каб гэтае пасяджэньне Канстытуцыйнага суду трансьлявалася ў прамым тэлеэфіры.

За апошнія 8 месяцаў Канстытуцыйны суд не прыняў ніводнага рашэньня. Сёньня пяць судзьдзяў Канстытуцыйнага суду заявілі пра ціск на іх і немагчымасьць браць удзел у разглядзе пытаньня пра законнасьць датэрміновых выбараў. Судзьдзя Пятро Стэцюк заявіў ад свайго імя і ад імя сваіх калегаў:

“Лічым немагчымым удзельнічаць у разглядзе Канстытуцыйным судом Украіны лёсавызначальных для ўкраінскага народу пытаньняў да тае пары, пакуль судзьдзям Канстытуцыйнага суду Ўкраіны ня будуць забясьпечаныя ўмовы для аб''ектыўнага і незалежнага разгляду і ўхваленьня правасудных рашэньняў”.

Усе пяцёра судзьдзяў былі абраныя ў Канстытуцыйны суд паводле квоты прэзыдэнта і партыі “Наша Ўкраіна”. Усяго ў складзе суду 18 судзьдзяў, для правамоцнасьці пасяджэньня патрабуецца 12.

Прадстаўнік прэзыдэнта ў Канстытуцыйным Судзе Валадзімір Шапавал заявіў, што рашэньне суду наконт указу прэзыдэнта будзе мець чыста палітычны характар. “Судзьдзі ўжо на іншае ня здатныя, яны ў такім асяродзьдзі, у якім ня могуць прыняць юрыдычнае рашэньне”. Паводле сп. Шапавала, калі заўтра Канстытуцыйны суд прыме рашэньне па ўказе, яно будзе сумнеўным.

Тым часам у Кіеве працягваюцца мітынгі і дэманстрацыі. Паводле дадзеных сталічнай міліцыі, у горадзе ўсталявана 616 намётаў, у якіх знаходзіцца 3 тысячы чалавек. Толькі сёньня з Усходу і Поўдню Ўкраіны на аўтобусах і цягніках у Кіеў прыехала каля 9 тысячаў прыхільнікаў кааліцыі.

Яшчэ на мінулым тыдні лідэр апазыцыі Юлія Цімашэнка заклікала сваіх прыхільнікаў і прыхільнікаў прэзыдэнта не праводзіць масавыя акцыі. Таму пакуль “аранжавых” на плошчах няшмат, адзін намёт партыі “Пара” стаіць каля сакратарыяту прэзыдэнта, 14 – каля Цэнтарвыбаркаму супраць 125-ці – кааліцыі.

Але цяпер апазыцыя зьбіраецца аднавіць масавыя акцыі. “Наша Ўкраіна” падала заяўку на мітынг на Эўрапейскай плошчы, там ўжо ладзіцца сцэна. Акцыя, якая мяркуецца як бестэрміновая, пачнецца заўтра, у дзень адкрыцьця пасяджэньня Канстытуцыйнага суду.

Сёньня прыхільнікі кааліцыі правялі мітынг каля будынку Канстытуцыйнага суду, праз гукаўзмацняльнікі трансьлявалася савецкая песьня часоў вайны “Вставай, страна огромная!»
XS
SM
MD
LG