Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: суд адхіліў прэтэнзіі актывістаў да міліцыі


Радыё Свабода Ленінскі суд Магілёва прызнаў прэтэнзіі грамадзкіх актывістаў Юр’я Дарашэнкі, Аляксея Паўлоўскага, Аляксандра Каралёва і Ірыны Качаровай да супрацоўнікаў магілёўскай ДАІ неабгрунтаванымі. Судзьдзя Сьвятлана Бурака пастанавіла, што міліцыянты законна затрымалі актывістаў на аўтатрасе Магілёў — Менск летась 16 сьнежня.

Чатыры дні суд слухаў пазоўнікаў і заяўленых імі сьведкаў, а таксама дапытваў дзевяцёх міліцыянтаў.

На судзе стала вядома, што галоўны фігурант справы інспэктар Уладзімер Стэльмахаў ад студзеня працуе начальнікам аховы Магілёўскага аддзяленьня “Белаграпрамбанку”.

Менавіта ён 16 сьнежня спачатку спыніў таксоўку, якой ехалі ў Менск актывісты, загадаў кіроўцу вярнуцца ў Магілёў, а потым гвалтам завез чатырох актывістаў у Магілёўскую ўправу ўнутраных справаў.

Спадар Стэльмахаў настойваў на тым, што грамадзкія актывісты самі захацелі ехаць ва ўправу ўнутраных справаў, каб абараніць правы кіроўцы. На судзе кіроўца гэта абверг.

Высьветлілася, што пракуратура і аддзел уласнай бясьпекі разглядалі скаргі актывістаў фармальна. Нікога зь фігурантаў скаргі не дапытвалі дадаткова.

Гэта пацьвердзіў прадстаўнік аддзелу ўласнай бясьпекі ўправы ўнутраных справаў Ігар Шпаковіч. Зь ягоных паказаньняў вынікае, што ў аддзеле проста прагледзелі сабраныя да сьледзтва дакумэнты і падрыхтавалі заключэньне.

Гаворыць адзін з пазоўнікаў Юры Дарашэнка:

“Я проста абураны тым, як праводзілася праверка. Правяральнік адмовіўся гаварыць з намі, адмовіўся выклікаць нас як сьведкаў. Ён заявіў, што яму было даволі тых матэрыялаў, якія ёсьць у справе. Мы выстаўлялі прэтэнзіі толькі да супрацоўнікаў ДАІ, паводле факту неправамоцнага затрыманьня менавіта нас, але не аўтобуса, як зрабілі яны”.

На судзе на вынікі тых праверак абапіралася прадстаўніца ўправы ўнутраных справаў інспэктар прававога забесьпячэньня Тацяна Мартынава. Яна абараняла дзеяньні міліцыянтаў.

Вырак Ленінскага суду Магілёва ня стаў нечаканым для чатырох пазоўнікаў. Яшчэ на пачатку судовых слуханьняў грамадзкія актывісты ў судовай залі назвалі дзеяньні міліцыянтаў палітычна матываванымі.

Гаворыць юрыст прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў:

“Тут усё ясна. Я лічу, што для суду на дзевяноста дзевяць працэнтаў усё зразумела. І пракурору і суду ясна, што ўсё гэта было незаконна. Тут усе пытаньні разгледзелі, якія можна было разгледзець”.



Адзін з пазоўнікаў Аляксандар Каралёў.

Уражаньні ад суду Ірыны Качаровай:

“З усіх дзяржаўных СМІ мы чуем: “Дзяржава для народу”. На паседжаньні суду мы ўбачылі зусім іншую карціну. Тыя людзі, якія абавязаныя бараніць правы простага чалавека, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, было відаць, што яны шчыра парушаюць правы гэтых людзей”.



Ірына Качарова ў судзе.

Грамадзкія актывісты не пагадзіліся з прысудам і зьбіраюцца змагацца далей. Рыхтуецца касацыйная скарга ў Магілёўскі гарадзкі суд.
XS
SM
MD
LG