Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як зьмянілася жыцьцё за апошнія тры месяцы?


Радыё Свабода Ці адчулі беларусы наступствы падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты? Ці зьмянілася жыцьцё, дабрабыт людзей за апошнія тры месяцы? Гэтыя пытаньні задавала менчукам наша карэспандэнтка Іна Студзінская.

Карэспандэнтка: “За апошнія чатыры месяцы, з новага году, ці зьмянілася штосьці ў вашым жыцьці? Горш, лепш стала?”

Спадар: “Ну адкуль лепш, калі цэны растуць? Лепш ня стала. Але ці горш, Бог яго ведае”.

Карэспандэнтка: “Але пэнсіяў не падвысілі?”

Спадар: “Не, і ня думаюць”.

Спадар: “Заробкі падвышаюць таксама. Не настолькі, як хацелася, але хто дзе працуе — ад гэтага таксама шмат залежыць. У мяне больш-менш нармальна. Я ня скарджуся”.

Дзяўчына: “Вельмі заўважныя перамены. Вельмі істотна цэны вырасьлі, асабліва на харчы. Даслоўна цяпер за сьвятло мы плацілі, тарыфы таксама вырасьлі. Значна складаней стала, таму што стыпэндыя маленькая”.

Карэспандэнтка: “Ваша жыцьцё ў матэрыяльным пляне зьмянілася за апошнія тры-чатыры месяцы?”

Спадарыня: “Я не магу сказаць, што істотна. Быццам бы так, як і было”.

Спадар: “Зразумела, калі кошты падвышаюцца, горш становіцца. Як жа іначай можа быць? Толькі горш”.

Спадар: “Вядома, складаней стала. Квартплата. Тарыфы вырасьлі, кошты пастаянна падвышаюцца. А пэнсіі ж не павысілі”.

Спадарыня: “Я пэнсіянэрка — калі я не працавала, была наагул катастрофа. Кватэра вельмі дарагая. Рэзкага пакуль пагаршэньня не адчуваецца, але цэны ў крамах, на рынку растуць. Усё расьце”.

Спадарыня: “Заўважна пабольшалі цэны ў крамах. Прыходзяць разьліковыя квітанцыя за кватэру — усё вышэй і вышэй”.

Дзяўчына: “Як звычайна жыву. Ня горш, ня лепш. У мяне неяк усё стабільна”.

Спадарыня: “Нічога не заўважыла. Ніякіх зьменаў”.

Карэспандэнтка: “А цэны, квартплата?”

Спадарыня: “Ну, больш стала. А што, у нас таньней што-небудзь станавілася? Толькі даражэй”.

Карэспандэнтка: “А заробкі, пэнсіі?”

Спадарыня: “Засталіся такія самыя”.
XS
SM
MD
LG