Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Саюз левых сілаў” судзіцца зь Міністэрствам юстыцыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Мін’юст адмовіў левым партыям у рэгістрацыі саюзу. Рашэньне аргумэнтавалі тым, што ўстаноўчая канфэрэнцыя праходзіла за мяжой. Яе ўдзельнікаў не абіралі партыйныя структуры, а прызначалі кіроўныя органы, а мэты саюзу разыходзяцца з мэтамі партыяў і яго ўдзельнікаў, заявілі ў Міністэрстве юстыцыі. Лідэры “Саюзу левых сілаў” сёньня даводзілі ў судзе, што ў рэгістрацыі адмовілі незаконна.

“Саюз левых сілаў” стварылі Партыя камуністаў беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” і партыя жанчын “Надзея”. Устаноўчая канфэрэнцыя адбылася летась 17 сьнежня ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве, бо ў Беларусі не знайшлося месца для яе правядзеньня.

Гэты факт і стаў асноўным матывам для Міністэрства юстыцыі Беларусі, каб 14 лютага адмовіць левым у рэгістрацыі саюзу. Вось што казаў сёньня ў судзе прадстаўнік Мін’юсту Аляксандар Харытон:

“Устаноўчая канфэрэнцыя праведзеная па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Гэта прызнана саюзам. Правядзеньнем гэтай канфэрэнцыі кожная з партыяў заснавальнікаў саюзу сапраўды парушыла патрабаваньні ўласнага статуту — адносна абавязкаў дзейнічаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Паводле Аляксандра Харытона, партыі таксама парушылі свае статуты, бо шэсьцьсот удзельнікаў канфэрэнцыі нібыта абіралі не рэгіянальныя структуры, а прызначалі цэнтральныя органы.

Рашэньне аб уваходжаньні ў саюз мелі прымаць партыйныя зьезды, а статут “Саюзу левых сілаў” разыходзіцца са статутамі партыяў.

Свае доказы спадар Харытон часта грунтаваў не на юрыдычных фактах, а на інтэрвію сябра БСДП “Грамада” Ўладзімера Нісьцюка газэце “Народная Воля”, у якім палітык казаў пра парушэньні, што дапусьцілі стваральнікі саюзу.

Мін’юст мае і шэраг драбнейшых прэтэнзіяў, паводле якіх саюз ня можа быць зарэгістраваны.

Усіх прычынаў адмовы ў рэгістрацыі прадстаўнікам саюзу не пералічылі, чым судзьдзя Кулік была вельмі зьдзіўленая. Яна абавязала прадстаўніка Мін’юсту падаць поўнае і матываванае рашэньне міністэрства.

Сустаршыня “Саюзу левых сілаў” і лідэр ПКБ Сяргей Калякін даводзіў, што амаль усе прэтэнзіі Мін’юсту незаконныя і палітычна матываваныя. А некаторыя дробныя парушэньні можна было лёгка выправіць.

Падчас судовага перапынку Сяргей Калякін сказаў:

“Калі няма аргумэнтаў, калі нельга назваць нейкіх артыкулаў закону ці статутных палажэньняў, тады выкарыстоўваць газэтныя публікацыі, нейкія выступы Нісьцюка… Гэта гаворыць пра тое, што ў Мін’юсту вельмі слабая пазыцыя. Гэта палітыка забароны. Якая працягваецца ўжо доўгі час”.

Калі суд не задаволіць пазову “Саюзу левых сілаў”, яго арганізатары маюць намер правесьці паўторную канфэрэнцыю. У судзе абвясьцілі перапынак да пятніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG