Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні будуць шукаць дэмакратычную альтэрнатыву для Беларусі


Радыё Свабода 11—12 красавіка ў Вільні адбудзецца канфэрэнцыя “Пазытыўная альтэрнатыва для Беларусі й яе грамадзянаў”. У ёй возьмуць удзел кіраўнікі палітычных структураў з палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, экспэртнай супольнасьці, рэгіянальных кааліцыяў.

Арганізатары канфэрэнцыі разьлічваюць на тое, што ў Вільні здолеюць цалкам дапрацаваць праекты ўсіх дакумэнтаў, якія потым зацьвердзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Гэта найперш канчатковыя рэдакцыі “Малой канстытуцыі”, эканамічнай плятформы ды стратэгіі дзеяньняў.

Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Што да дакумэнтаў, дык тут няма ніякіх праблемаў. Там засталіся дробязі. Больш важныя — кадрава-арганізацыйныя пытаньні, гэта значыць, як будзе каардынавацца кааліцыя пасьля Кангрэсу”.

Гэтую ж думку падтрымлівае кандыдат гістарычных навук, палітоляг Аляксей Кароль:

“Скліканьне Кангрэсу ўпіраецца якраз у арганізацыйныя пытаньні і ў мадэль гэтай арганізацыі — ці цэнтралізаваная, ці дэцэнтралізаваная? Я прыхільнік дэцэнтралізаванай.

Цэнтралізаваную мадэль яшчэ раней выклаў Мілінкевіч і сфармуляваў яе так: абіраецца старшыня, які мае пашыраныя правы, у тым ліку на прызначэньне людзей на кіроўныя пасады, на фармаваньне штабу, Палітрады ды г.д.

Дэцэнтралізаваная — калі адбываецца каардынацыя, рашэньні ўзгадняюцца. І ў дадзеным выпадку яшчэ была прапанова сустаршыняваць ці ўвесьці старшынёўства на ратацыйнай аснове”.

Кіраўнік менскай абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін прэзэнтуе на канфэрэнцыі рэгіянальных лідэраў. Ён ўсьцешаны, што ў Вільню запрасілі актывістаў з правінцыі:

“Нездарма ж кажуць: чым больш галоваў, тым больш думак. Я думаю, што асноўным пытаньнем будзе правядзеньне новага Кангрэсу дэмсілаў. Пакуль жа складаецца нейкая двухсэнсоўная сытуацыя: з аднаго боку, ёсьць дакумэнты, якія трэба прымаць на Кангрэсе і ісьці зь імі да народу.

А з другога боку, усё чамусьці нейкім чынам тармазіцца. Я спадзяюся, што тых, хто яшчэ вагаецца альбо ня хоча ўдзельнічаць у Кангрэсе, тут можна будзе пераканаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG