Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На падставе досьледаў Воранаў вызначае сярэдні ўзрост будучага чалавека ў 125 гадоў”.


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 10 красавіка ў розныя гады мінулага.

“Звезда” ў 1927 годзе паведамляе: “Вядомы дасьледчык у галіне тэорыі і практыкі амаладжэньня д-р Воранаў, які выступаў нядаўна на вечары англа-амэрыканскіх журналістаў, зрабіў даклад аб сваіх апошніх працах. Ён паведаміў, што ўсяго зрабіў 1.000 апэрацый амаладжэньня. Акрамя таго, апэрацыя амаладжэньня была зроблена на некалькіх тысячах жывёлаў. На падставе гэтых досьледаў Воранаў вызначае сярэдні ўзрост будучага чалавека ў 125 гадоў, пры гэтым прадказвае, што пэрыяд старасьці будзе працягвацца ня больш за 3 месяцы”.

У 1977 годзе са старонак “Чырвонай змены” сакратар Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, кандыдат гістарычных навук Лізавета Чагіна перасьцерагае: “Перажыткі мінулага ў свядомасці і паводзінах людзей захоўваюцца часткова пад уплывам буржуазнай ідэалогіі, арганічна звязаны са звычкамі і ўяўленнямі прыватнаўласніцкай маралі. “Апрацоўкай” свядомасці грамадзян сацыялістычных краін актыўна займаюцца буржуазны друк і радыё. Мэта гэтай апрацоўкі — прывіваць людзям сацыялістычных краін, асабліва моладзі, буржуазны светапогляд, буржуазны індывідуалізм, які характарызуецца як “свабода асобы”.

У 1987 годзе “Вечерний Минск” зьмясьціў такую аб’яву: “Кінатэатр “Масква”, 13-19 красавіка, кінадрама “Знак бяды” (дзьве сэрыі) па аднайменнай аповесьці народнага пісьменьніка БССР Васіля Быкава. Кінастудыя “Беларусьфільм”. Рэжысэр — Міхаіл Пташук, апэратар — Тацяна Логінава, мастак — Уладзімер Дзяменцьеў, у галоўных ролях Ніна Русланава, Генадзь Гарбук. У касе №6 кінатэатра адкрыты папярэдні продаж білетаў. Прымаюцца заяўкі на калектыўныя наведаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG