Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады перанесьлі ціск на “левы флянг” апазыцыі?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня а 10-й гадзіне раніцы Вярхоўны суд Беларусі плянуе разгледзіць скаргу Цэнтральнай рады “Саюзу левых партыяў”. У гэты пакуль афіцыйна незарэгістраваны палітычны блёк уваходзяць – Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская партыя жанчын “Надзея”. Іхныя прадстаўнікі вырашылі зьвярнуцца ў вышэйшую судовую інстанцыю краіны са скаргай на Міністэрства юстыцыі за адмову ў рэгістрацыі Саюзу.

Асноўная афіцыйная прычына адмовы -- тое, што ўстаноўчы сход новай арганізацыі, які праходзіў летась, 17-га сьнежня, адбываўся ў Чарнігаве – ва Ўкраіне, а не на тэрыторыі Беларусі. Аргкамітэт устаноўчага сходу тады спрабаваў знайсьці адпаведнае памяшканьне ў роднай краіне, аднак безвынікова. У сходзе прынялі ўдзел аж 484 дэлегаты. А яшчэ каля 100 не змаглі прыбыць у Чарнігаў, бо ўлады на месцах ўсяляк перашкаджалі паездцы апазыцыйных актывістаў, спынялі аўтобусы, затрымлівалі машыны. Адным словам, для правядзеньня сходу патрэбная была заля на 600 чалавек. У Беларусі ўлады такой залі апазыцыянэрам не прапанавалі. А вось у Чарнігаве яны атрымалі ў сваё распараджэньне гарадзкі Палац культуры. Гэтыя ды іншыя аргумэнты і хочуць прывесьці сёньня ў судзе прадстаўнікі левацэнтрысцкіх партыяў.

Дарэчы, партыя камуністаў Беларуская мае й іншыя судовыя справы. Яны дагэтуль няскончаныя. Калі падлічыць усё, дык камуністы-калякінцы аспрэчваюць яшчэ тры папярэджаньні. Першае -- аб прыпыненьні дзейнасьці партыі, другое -- аб адмове ў рэгістрацыі менскай гарадзкой партыйнай арганізацыі, і трэцяе – за ўдзел у чарнігаўскім сходзе. Тут патрэбна ўдакладніць, што Мінюст, акрамя агульнага папярэджаньня Цэнтральнай радзе “Саюзу левых партыяў”, яшчэ вынес пісьмовае папярэджаньне і кожнай з трох партыяў за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе. Аднак асобныя партыйныя скаргі сёньня Вярхоўны суд разглядаць ня будзе. А на пытаньне, калі яны чакаюць наступных судоў, сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган адказвае так:

Скрыган: “Усё “падвешана” зь іншымі судамі, таму што дагэтуль ніякіх канкрэтных дат няма”.

Раней Міністэрства юстыцыі выносіла папярэджаньні пераважна тым палітычным партыям, якія знаходзіліся на правым флянгу апазыцыйнага спэктру. Цяпер ціск перайшоў на левых. Палітоляг Аляксей Кароль вылучае чатыры прычыны гэтага:

Кароль: “Левыя партыі па сутнасьці ідуць на тое поле, якое займае ўлада. Гэта – сацыяльнае поле. І зварот да гэтых слаёў пагражае ў пэўным сэнсе пераарыентацыяй насельніцтва на іншую палітычную сілу. Другая прычына -- гэта пераарыентацыя, зьвязаная з тым, што зьмяніўся вобраз рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Калі раней ён успрымаўся выключна як харызматычны лідэр, дык цяпер ён успрымаецца як гарант сацыяльнай стабільнасьці, сацыяльнага забесьпячэньня. Гэта – пагроза яго рэйтынгу і яго аўтарытэту.

Трэці фактар (а можа, і першы) – на момант прэзыдэнцкіх выбараў на левым апазыцыйным флянгу зьявіўся Аляксандар Казулін, які быў адназначна ўспрыняты Лукашэнкам як галоўны праціўнік. І чацьверты фактар, які зьвязаны з тым, што левыя зрабілі рэальныя крокі да аб’яднаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG