Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пасяўной фэрмэры не разьлічваюць на дзяржаву


Міхал Стэльмак, Менск Да сёньняшняга дня ў Беларусі плянавалася скончыць пасяўную ў грамадзкім сэктары. Такую ўстаноўку на мінулым тыдні даў ураду Аляксандар Лукашэнка. Ці выканана распараджэньне? Як праходзіць сяўба ў фэрмэрскіх гаспадарках?

Паводле зьвестак на 9 красавіка, у краіне засеяна 89 працэнтаў калгасна-саўгасных плошчаў. На захадзе й поўдні сяўба набліжаецца да завяршэньня. У Акцябарскім раёне, паводле галоўнага агранома райсельгасхарчу Ўладзімера Барысава, кампанія скончылася, але радасьці няма:

Барысаў: «Такой вясны не прыгадваецца. Як яно будзе, ніхто ня ведае. У нас было шэсьць градусаў марозу. А ўжо ячмень і авёс паўзыходзілі. Галоўнае, каб ня вымерзла. Мы чакаем пацяпленьня. Але калі будуць ночы яшчэ больш халодныя, то могуць расьліны й загінуць».

На Віцебшчыне пасеялі найменш. Тут, як сьведчыць статыстыка, кампанія не кранула яшчэ трэці грамадзкіх сельгасугодзьдзяў. Ёсьць такія землі й на Дубровеншчыне. Гаворыць работніца сельгаскааператыву «Герой» Натальля Дзьячкова:

Дзьячкова: «Мы ў сваёй гаспадарцы пасеялі, але да нас далучылі іншую. Таму будзем і ў СПК «Баева» яшчэ сеяць. Там няма кіраўніка, няма тэхнікі, чым апрацоўваць. Ужо практычна зусім развалілася гаспадарка. І таму ў раёне сказалі, што там будзем мы сеяць».

Гаспадарчы сэзон пачаўся і ў фэрмэраў. Анатоль Шуляк мае зямлю ў Шклоўскім раёне:

Шуляк: «Таксама сееем. Нам, вядома, ніхто не загадвае сеяць: хочаш—сей, хочаш – не. Але мы сеем толькі таму, што вільгаць зьнікае. Хаця сеем і сумняёмся. Скрабе на сэрцы. Мы заўжды самі сеем, нікога не наймаем, нікога ня просім. Ячмень пасеялі, цяпер пшаніцу сеем».

Як і ў мінулыя гады, калгасам і саўгасам на правядзеньне сяўбы ўрад выдзеліў шматмільярдныя датацыі. Ці атрымалі дапамогу ад дзяржавы фэрмэры? Аднаасобнік з Чавускага раёну Віктар Грамыка:

Грамыка: «Нам не даюць. Нам толькі крыху выдзелілі дапамогу на дызельнае паліва. І ўсё. Нам адкрыта сказалі, што калгасам не дадуць загінуць, а вы як сабе хочаце».

Фэрмер Уладзімер Навіцкі апрацоўвае 300 гэктараў на Лунінеччыне:

Навіцкі: «Чуў, што павінны быць нейкія датацыі на паліва. Нейкія субсыдыі. Але яно так гаворыцца, а вось, каб канкрэтна трапляла па адрасе, то не. Мы на сябе разьлічваем. Мы збожжавыя ўсе пасеялі – 80 гектараў».
XS
SM
MD
LG