Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гістарычных майстэрнях адкрываецца “Дом сустрэч”


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў памяшканьні грамадзкай арганізацыі “Гістарычныя майстэрні” адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё “Дому сустрэч”. Гэта трохгадовы сацыяльны праект, які ў Беларусі заснавалі нямецкая арганізацыя “Памяць, адказнасьць і будучыня”, Эвангельская царква, а таксама адукацыйны цэнтар з Дортмунду. Ён разьлічаны на дапамогу ахвярам, пацярпелым ад нацызму падчас другой усясьветнай вайны.

Урачыстасьць прымеркаваная да сьвята Ўваскрашэньня Хрыстова, а таму яе распачнуць сьвятары розных канфэсіяў. Галоўнымі ўдзельнікамі стануць былыя ваеннапалонныя, вязьні менскага гета, гастарбайтэры – на якіх і разьлічаны праект, кажа кіраўнік Гістарычных майстэрняў Кузьма Казак:

“Каля 50 чалавек будуць сустракацца ў Гістарычных майстэрнях, ім будзе аказаная сацыяльная дапамога. А частку зь іх будуць наведваць у месцах пражываньня – гэта і памыць, і пакарміць, і ў краму схадзіць”.

Сацыяльны праект называецца “Забясьпечым годнае жыцьцё сьведкам вайны”. І ўпершыню ў Беларусі яго будуць рэалізоўваць грамадзкія арганізацыі: “Гістарычныя майстэрні” і нямецкі Міжнародны адукацыйны цэнтар, кажа спадар Казак:

«У нас вайна прайшла і яна выступае на першым пляне. Да прыкладу, надыходзіць 9 траўня – калі ласка – і вэтэраны, і сьведкі тут. А каб так у паўсядзённасьці імі займацца – гэта вельмі рэдка і гэтага не дастаткова. Але ж яны застаюцца гэтыя людзі, яны хварэюць, яны старэюць. І гэтая дапамога – яна пэрсанальная, яна ня проста на словах».

Паводле ўдзельнікаў праекту, ягонае адкрыцьцё, па-сутнасьці, зьяўляецца новай формай матэрыяльнай кампэнсацыі, якую Нямеччына праводзіць пасьля завяршэньня грашовых выплатаў ахвярам фашызму ў Беларусі. Гаворыць кіраўнік менскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру Віктар Балакіраў:

«Ёсьць добрая фраза, што нашчадкі не віну, а адказнасьць трымаюць. Таму яны нясуць адказнасьць за тое, што зрабілі іхныя бацькі і дапамагаюць людзям, што апынуліся ў цяжкім становішчы. Нашая дзяржава не заўжды ім можа дапамагчы матэрыяльна. Нямецкая дзяржава багацейшая, і таму яны дзеляцца тым, што ў іх ёсьць, каб падтрымаць гэтых людзей у апошні час іхнага жыцьця».

Як паведамілі ўдзельнікі праекту, на ўрачыстае адкрыцьцё ў Гістарычныя майстэрні запрошаныя прадстаўнікі амбасадаў Нямеччыны, Чэхіі і Ізраілю.
XS
SM
MD
LG