Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху" зьвярнуўся да беларускага народу


Радыё Свабода Аргкамітэт у правядзеньні акцыі “Чарнобыльскі шлях” зьвярнуўся да беларускага народу з нагоды 21-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У звароце гаворыцца, што “найбуйнейшая ў гісторыі тэхнагенная катастрофа нанесла непапраўныя страты нашай краіне. Прыкладна 2/3 радыяактыўных выкідаў аселі на нашай зямлі, забрудзіўшы прыкладна пятую частку тэрыторыі з 20% насельніцтва”.

“Праз намаганьні дэмакратычных сілаў з канца 80-х гадоў пачалі рабіцца захады дзеля зьніжэньня рызыкі для людзей і стварэньня сыстэмы рэабілітацыі. Нарэшце, у лютым 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС", гаворыцца ў звароце.

“Аднак па меры зацісканьня дэмакратыі кіраўніцтва краіны памяняла стаўленьне да нацыянальнай бяды. Асноўны развал усіх сыстэмаў абароны і рэабілітацыі людзей адбыўся пры цяперашнім кіраўніцтве дзяржавы, якому чарнобыльская праблема перашкаджае імітаваць працьвітаньне краіны.

Сваімі ўказамі А.Лукашэнка адмяніў вялікую частку артыкулаў закону, пазбавіўшы бязьвінна пацярпелых людзей усякай падтрымкі. Былі зьліквідаваныя спэцыялізаваныя мэдычныя ўстановы, уведзены дзяржаўна-бюракратычны, палітычна матываваны кантроль над гуманітарнай дапамогай, і яна спынілася. Спынілі дзейнасьць фондаў, што ажыцьцяўлялі аздараўленьне дзяцей за мяжой, каб дзеці не змаглі бачыць іншы ўзровень жыцьця і палітычны лад...”

У звароце адзначаецца, што кіраўніцтва Беларусі не прыняла прапанову Эўразьвязу аб комплекснай дапамозе ў вырашэньні эканамічных, энэргетычных, сацыяльных і чарнобыльскіх праблемаў.

Аўтары звароту патрабуюць адмяніць усе ўказы, супярэчныя Закону "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС", і аднавіць усе правы на ільготы. А таксама аднавіць грашовую кампэнсацыю ахвярам Чарнобылю ў даляравым эквіваленце да савецкага рубля 1990 году. У звароце выстаўляецца сярод іншых патрабаваньне аднавіць усё спэцыялізаваныя мэдычныя ўстановы, а таксама ўключыць пытаньне пра чарнобыльскую кампэнсацыю для Беларусі ў парадак дня перамоваў з Расейскай Фэдэрацыяй як спадкаемцай СССР.


• “Чарнобыльскі шлях” плянуюць ад плошчы Коласа да Нацыянальнай бібліятэкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG