Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 9 красавіка


Зьміцер Падбярэскі, Менск

На форумах парталу tut.by наведнікі камэнтуюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас наведваньня на Вялікдзень Катэдральнага сабору. Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Наймагутнейшы ўдар, які быў нанесены з Усходу па беларускай эканоміцы, намі пераадолены ў першым квартале".

4elovek піша: "Як жа ўсё гэта надакучыла... Ці можна хоць сьвяты не палітызаваць..."

nigga: "Відаць, што ў Лукашэнкі проста наогул адсутнічае духоўная культура, няма й кроплі павагі да рэлігійных пачуцьцяў суграмадзян. Знаходзячыся ў храме, падчас аднаго з найвялікшых сьвятаў практычна ўсіх вернікаў Беларусі, ён трызніць аб праблемах краіны, якія паўсталі зь яго, заўважу, віны. Гэты чалавек не заўважае нікога, апрача самога сябе".

allabochum: "Царква зайгралася, так нельга. Гэта непавага да сваіх вернікаў і прыхажанаў храму. Дапускаць такія прамовы ў храме. Мінус Філярэту і ўсёй сьвіце прэзыдэнта. Хацелася б, каб некаторыя не паганілі сваім прыходам храм".

На сайце народных навінаў з Віцебску Марына Паўлава паведамляе, што пасьля пажару на складзе ядахімікатаў ля вёскі Дзярновічы Верхнядзьвінскага раёну утрыманьне нітратаў у калодзежнай вадзе ў навакольных вёсках перавышае норму ў 2-2,5 разы. «Галоўны санітарны лекар Віцебскай вобласьці Алег Бончак заверыў, што шкоды экалёгіі раёну, здароўю людзей надзвычайнае здарэньне не нанесла. Павышэньне ўзроўню пэстыцыдаў у калодзежнай вадзе ён тлумачыць тым, што вясной з талым сьнегам у грунтовыя воды трапляюць рэшткі неарганічных угнаеньняў і ядахімікатаў, якімі цягам папярэдняга году апрацоўвалі палі».

Сайт народных навінаў з усіх куткоў паведамляе пра тое, што ініцыятыўная група па правядзеньню мясцовага рэфэрэндуму адносна будаўніцтва ў Салігорску Лядовага палацу атрымала ад райвыканкаму адмову ў рэгістрацыі. "Даць дазвол на рэфэрэндум проста пабаяліся, — упэўнены кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандр Цэцура. — Мяркуючы па гутарках у горадзе, усё больш жыхароў схіляецца да думкі, што пабудова палацу коштам мясцовага бюджэту — недазвольная раскоша. Рэфэрэндум, хутчэй за ўсё, улада прайграла б. Па-другое, наш рэфэрэндум мог бы зрабіцца прыкладам для іншых гарадоў». Маюцца зьвесткі, што на прадпрыемствах зьяўляецца ўсё больш адважных, хто пісьмова адмаўляецца адлічаць грошы на палац з уласнага заробку".
XS
SM
MD
LG