Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адкінула прапановы Беларусі ў стварэньні Мытнага саюзу


Радыё Свабода Расея адкінула прапановы Беларусі ў некаторых пытаньнях стварэньня Мытнага саюзу ў межах ЭўрАзЭС. Як паведамляюць расейскія СМІ, 6 красавіка ў Казані на пасяджэньні савету па фінансава-эканамічнай палітыцы дзяржаваў-членаў ЭўрАзЭС беларускія прадстаўнікі прапанавалі казахскаму і расейскаму бакам замацаваць у нормах Мытнага саюзу, які ствараецца, права "недыскрымінацыйнага доступу да тавараў, якія вырабляюцца і рэалізуюцца суб''ектамі натуральных манаполій, і роўнасьці на гэтыя тавары".

Аднак Расея выступіла супраць гэтай прапановы, а Казахстан не падтрымаў ніводны з бакоў. Таксама Беларусь запатрабавала ўвесьці норму, якая забараніла б членам адзінай мытнай прасторы мяняць стаўкі вывазнога мыта у дачыненьні да трэціх краінаў у аднабаковым парадку. Расея, у сваю чаргу, не падтрымала беларускія прапановы, бо "вывазныя мытныя пошліны адыгрываюць спэцыфічную ролю ў сыстэме замежнагандлёвага рэгуляваньня Расеі".

"Напрыклад, вывазныя мытныя пошліны на энэрганосьбіты адначасова выконваюць функцыю прыроднай рэнты, а на неапрацаваную драўніну - рэгулятара для эфэктыўнага выкарыстаньня лясных рэсурсаў", -- заявіў расейскі бок.

Прэсавая служба сакратарыяту інтэграцыйнага камітэту Эўразійскай супольнасьці са спасылкай на генэральнага сакратара ЭўрАзЭС Рыгора Рапоту пацьвердзіла, што "ўнутры ЭўрАзЭС захоўваюцца прынцыповыя рознагалосьсі ў падрыхтоўцы дакумэнтаў для стварэньня Мытнага саюзу", паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG