Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можна не чакаць, што ў далярах заробак у Беларусі падвысіцца”


Віталь Цыганкоў, Менск Аляксандар Лукашэнка падчас Вялікоднай імшы ў Сьвятадухавым катэдральным саборы заявіў, што “наймагутнейшы удар, які быў нанесены з Усходу па беларускай эканоміцы, намі пераадолены на працягу першага кварталу”. Ці дазваляюць сапраўдныя тэндэнцыі ў эканоміцы давяраць такім аптымістычным заявам? Чаму рэальны заробак беларусаў за апошнія 4 месяцы зьнізіўся на 6 працэнтаў? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” абмяркоўваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.

Слухаць:



“Ніякага “ўдару з Усходу” не было”

Цыганкоў: “Той наймагутнейшы удар, які быў нанесены з Усходу па беларускай эканоміцы, намі пераадолены на працягу першага кварталу”, заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас Вялікоднай імшы ў Сьвятадухавым катэдральным саборы. Ці даюць факты разьвіцьця беларускай эканомікі падставы для такіх сьцьвярджэньняў?”

Злотнікаў: “Калі гаварыць пра цэны на газ, то гэта сапраўды Беларусь яшчэ не адчула, бо мы плацім пакуль толькі прыкладна па старой цане 50 даляраў. Але страты ад таго, што зьменшыліся пастаўкі нафты на беларускія заводы, ужо ёсьць, і складаюць некалькі сотняў мільёнаў даляраў. Ведаю, што напрыканцы мінулага году ў Беларусі быў створаны спэцыяльны фонд разьвіцьця беларускай эканомікі, каб пагасіць гэты ўдар. У гэтым Фондзе каля 600 мільёнаў даляраў, і іх павінна хапіць яшчэ на некалькі месяцаў, каб пакрываць страты ад зьмяншэньня перапрацоўкі нафты.

У любым выпадку насельніцтва ўжо адчула падвышэньне цэнаў – на жыльлёва-камунальныя паслугі, тарыфы на электраэнэргію, бэнзін, білеты на прыгарадныя цягнікі і гэтак далей. Ці расходавалі ўжо гэтыя “буфэрныя” грошы, я ня ведаю”.

Скуратовіч: “Я найперш хачу сказаць, што ніякага “ўдару з Усходу” не было. Было неаднаразова заяўлена, што ідзе пераход на нармалёвыя рынкавыя адносіны ў гандлі паміж двума краінамі.

Па-другое, эканоміка, гэта найперш вынік пэўнай дамоўленасьці ў грамадзтве. Калі на сяле калгасьнікі працуюць за 300 тысячаў у месяц (гэта апошняя месца ў народнай гаспадарцы) і ніякага супраціву не ўзьнікае, гэта і дае падставы для палітычных заяваў, што ў нас усё добра і мы вытрымаем любы ўдар. Нашы афіцыйныя крыніцы даўно ўжо не параўноўваюць заробкі з літоўскімі, польскімі, расейскімі..”

Цыганкоў: “Дарэчы, рэальны заробак беларусаў за 4 месяцы гэтага году зьнізіўся на 6 працэнтаў. Такога даўно не было – пра што гэта сьведчыць? Ці здолеюць улады выканаць паводле вынікаў году свае абяцаньні аб падвышэньне заробкаў?”

“Росту валавога ўнутранага прадукту сёлета на чакаецца”

Злотнікаў: “Я напачатку году зрабіў такі падлік, што страты Беларусі ад падвышэньня коштаў на паліва складуць 8-10 працэнтаў. Мой прагноз – росту ВУПу (валавы ўнутраны прадукт) сёлета на чакаецца, а нават можа быць ягонае зьніжэньне. Зьніжэньне заробкаў мы ўжо назіраем, можа быць зьніжэньне інвэстыцыяў і прыбыткаў прадпрыемстваў.

Але гэтыя праблемы пачаліся ня сёньня, цяжкае становішча эканомікі складваецца апошнія год-два. У 2006 годзе валютныя рэзэрвы зьменшыліся, зьнешні доўг павялічыўся...”

Цыганкоў: “Але галоўны паказьнік, аб’ём прамысловай вытворчасьці ў першым квартале 2007 году ў параўнаньні зь першым кварталам 2006-га павялічыўся на 9%...”

Злотнікаў: “Але ж са Лукашэнка кажа, што рост аб’ёмаў мала значыць для эканомікі. Мусіць быць прыбыткі і заробкі. Аб’мы самі па сабе могуць даць і страты”.

“Можна не чакаць, што ў далярах заробак у Беларусі падвысіцца”

Цыганкоў: “Што можа прадпрыняць ўлада, каб прыпыніць тэндэнцыю зьніжэньня заробку?”

Скуратовіч: “Асноўная крыніца, якой можа пакарыстацца ўлада – тое, што ЗША дэвальвуе сваю грашовую адзінку, даляр. Ён губляе сваё таварнае напаўненьне. Можна нічога не рабіць, але ў даляравым эквіваленце заробкі павысяцца. Раней, калі даляр меў завышаны курс адносна рубля, вымяралі пакупніцай здольнасьцю. Сёньня пра яе ніхто і не ўзгадвае. Такім чынам, будзе ўсё зроблена, каб статыстычна заробкі не падалі. Таму я думаю, што сёлета канцы з канцамі будуць зьведзены, прынамсі, што да падлікаў заробку”.

Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што падвышэньне на камунальныя паслугі будзе ня больш за 5 даляраў у год, але гэтая мяжа была перавышана ўжо ў студзені. Ці вы лічыце, што будзе яшчэ падвышэньне і наколькі?”

Скуратовіч: “Я думаю, падвышэньне адбудзецца. Калі лічыць, што кошт пасяўной кампаніі ўзрос у паўтары разы, то мяркую, камунальныя паслугі вырастуць працэнтаў на 30”.

Злотнікаў: “Міністэрства статыстыкі паказвае рэальныя заробкі ў беларускіх рублях. Але прапагандысты любілі паказваць гэты рост у далярах, бо пакупніцкая здольнасьць даляра падала апошнія гады. Але я адзначу, што сёлета пакупніцкая здольнасьць даляра ўжо не падае, яна зафіксавалася, і як эканаміст, я прадбачу, што даляр сёлета можа вырасьці. Таму можна не чакаць, што ў далярах заробак у Беларусі падвысіцца”.
XS
SM
MD
LG