Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Доме літаратара не дазволілі гаварыць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій


Ганна Соўсь, Менск Сябрам Аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій не дазволілі правесьці паседжаньне ў памяшканьні Дому літаратара. Сустаршыня аргкамітэту пісьменьнік Васіль Якавенка папярэдне дамовіўся, што будзе дазволена правесьці чарговае паседжаньне ў памяшканьні Літфонду ў будынку Дома літаратара. Аднак па прыходзе сяброў аргкамітэту высьветлілася, што ад патрэбнага пакою няма ключа. Потым ахоўнікі загадалі пакінуць памяшканьне.

Апавядае сакратар аргкамітэту Уладзімер Раманоўскі.

“Нас было 12 чалавек. Мы тады пайшлі ў хол побач з кавярняй. Вырашылі, што хуценька прымем асноўныя дакумэнты – тэкст “Звароту да грамадзянаў”, “Звароту да вэтэранаў”. Але ахоўнікі зрабілі з будынку Дому літаратара нейкі рэжымны аб’ект. Яны сказалі, каб мы тэрмінова пакінулі памяшканьне. Урэшце прыйшоў міліцыянт, і мы яму сказалі, што хутка завяршаем і сыходзім...”

Звычайна сябры аргкамітэту зьбіраліся раз на тыдзень па панядзелках у сядзібе Таварыства беларускай мовы. Аднак сёньня гэта зрабіць не атрымалася, паколькі ТБМ ладзіла ўласнае мерапрыемства. “Праблема з памяшканьнем для пасяджэньняў становяцца для нас усё больш вострай”, кажа Уладзімер Раманоўскі.

“Гэта настолькі прыніжальна і дзіка, што людзі, якія хочуць ушанаваць памяць соцень тысяч ахвяраў, павінны вось так боўтацца”, кажа ён.

Тым ня менш сёньня быў прыняты канчатковы тэкст улёткі “Памятай пра 1937-мы”. Гэтаксама было вырашана на Радаўніцу 17 красавіка ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у парку Чалюскінцаў і ва ўрочышчы Курапаты.



На фота: Уладзімер Раманоўскі запальвае сьвечкі ў Курапатах

• У Курапатах ушанавалі ахвяраў рэпрэсіяў • Грамадзкасьці прапанавалі плаціць за ахову Курапатаў
XS
SM
MD
LG