Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Балахонаў: “Каханьне мае яшчэ большую сілу, чым слова”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – літаратар з Гомельшчыны Сяргей Балахонаў. Сяргей Балахонаў нарадзіўся ў вёсцы Сьвяцілавічы Веткаўскага раёна, ў 1977 годзе, скончыў гомельскую сярэднюю школу, паглыблена вывучаў нямецкую мову, гістарычны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, служыў у войску, цяпер працуе настаўнікам.

Слухаць: "Сівер", "Колер маёй рэвалюцыі"



Караткевіч: “Сяргей, гэтая кампазыцыя гурту "Сівер" на Вашыя словы – ці застаецца яна актуальнай, і ці нешта зьмянілася ў Вашых пачуцьцях за гэты год?”

Балахонаў: “Тут атрымліваецца, што песьня зьявілася год таму, верш зьявіўся яшчэ раней. Насамрэч, калі верш пісаўся, я знаходзіўся пад уражаньнем тагачасных украінскіх падзей, і здавалася, што вось-вось, яшчэ адзін рывок, яшчэ адна спроба – і мы таксама будзем у сьвелай будучыні, як і браты-ўкраінцы. Але вось за гэты час з таго сакавіка па сёньняшні дзень пачуцьці зьмяніліся, зьявілася нейкая паняверка... Я ў прынцыпе трапятко стаўлюся да гэтай песьні, але з усьмешкай, скажам так”.

Караткевіч: “Вы нячасты госьць у Менску – што і каго Вы наведваеце ў сталіцы, калі прыяжджаеце?”

Балахонаў: “Я такі рэдкі госьць, што нават цяжка сказаць... Звычайна – рэдакцыю "Нашай Нівы", некаторых знаёмых, кнігарні, дыскарні...”

“У Гомелі няма такой адчужанасьці, як у Менску”

Караткевіч: “Гавораць, што Вы ня надта ўпадабалі Менск – чым ён для Вас дыскамфортны?”

Балахонаў: “Гэта яшчэ юнацкія ўражаньні. У 1990-х гг. я тут у Менску быў, і нейкае такое ўражаньне склалася, што штучнасьць нейкая, ненатуральнае”.

Караткевіч: “А Гомель?”

Балахонаў: “Ну, сваё бліжэй і даражэй, тут я прызвычаены, і тут няма такой адчужанасьці, як раней назіралася ў Менску”.

Караткевіч: “А ці хапае Вам інтэлектуальных і беларускамоўных асяродкаў у Вашым горадзе?”

Балахонаў: “Не, не хапае, можна сказаць, што апошнім часам гэтыя кантакты абарваліся, маюць такі завужаны характар, акрамя некалькіх чалавек сяброў, зь якімі пастаянна падтрымліваюцца сувязі – тое, што было раней, яшчэ пару гадоў таму, пастаянныя сустрэчы, абмен навінамі, размовы пра творчасьць, літаратуру, супольнае сьпяваньне беларускіх песьняў – усё гэта прапала. Можа быць, гэта са сталеньнем, а можа быць, нейкія іншыя прычыны”.

“Сучасныя дзеці вельмі рана сталеюць”

Караткевіч: “Вы працуеце настаўнікам – у якіх клясах Вы выкладаеце?”

Балахонаў: “Сёлета выкладаю з 9-й клясы па 11-ю”.

Караткевіч: “Значыць, дарослыя людзі?”

Балахонаў: “У прынцыпе, дарослыя. Калі я пачынаў, я таксама пачынаў працаваць у гэтай самай узроставай катэгорыі дзяцей. Але я бачу, што тыя і цяперашнія 9-клясьнікі – гэта зусім розныя рэчы. Мне здаецца, што сучасныя дзеці больш сталыя, яны вельмі рана сталеюць”.

Караткевіч: “А як Вы гэта патлумачыце – гэта такая пашыраная інфармацыйная прастора праз інтэрнэт, ці гэта рытм цывілізацыі?”

Балахонаў: “Хутчэй за ўсё і тое, і другое. Адбываецца агульная эмансыпацыя ў шырокім сэнсе слова, разьняволеньне. Для іх няма ніякіх межаў, бар''ераў. Я задумваюся, а што будзе далей, калі яны выскачаць у сапраўднае дарослае жыцьцё і сутыкнуцца зь нейкімі надзённымі праблемамі – як яны будуць вырашаць праблему таго, што свабода на самай справе абмежаваная?”

Караткевіч: “На якую тэму быў Ваш апошні ўрок?”

Балахонаў: “Апошні ўрок быў пра мэнэджмэнт і маркетынг, курс "Чалавек, грамадзтва, дзяржава", на эканамічную тэму. Гэта камбінаваны курс, у ім элемэнты розных прадметаў, у тым ліку і эканамічныя”.

Караткевіч: “У гэтай гомельскай сярэдняй школе рэальна моладзь цікавіцца гісторыяй Беларусі, ведаючы, што выкладчык – і гісторык, і пісьменьнік?”

Балахонаў: “Па-першае, ня ўсе ведаюць пра ўсё гэта, толькі нядаўна даведаліся некаторыя... Інфармацыйныя плыні, гэтыя ветры ўрэшце дадзьмулі да нашай школкі... Я б не сказаў, што настолькі значная зацікаўленасьць у беларускай гісторыі, у гісторыі ўвогуле, у прадметах грамадзкага цыклу... Але пры гэтым яны імкнуцца знайсьці сябе, і яны ўжо ў старэйшых клясах пачынаюць думаць пра тое, што будзе пасьля выпускнога. Яны больш сур''ёзна ставяцца да таго, што іх чакае”.

Караткевіч: “Не такія ўжо і рамантыкі...”

Балахонаў: “Абагульняць, канечне, нельга, але даводзілася размаўляць і параўноўваць розныя ўражаньні – і сапраўды, яны маюць нейкую мэту, іхай яны прывідная ці рэальная, але яны яе маюць, чаго не было ў мой час”.

“Я жыву ў палоне створанага незнарок іміджу”

Караткевіч: “Сёлета Ваш прыватны сайт заняў другое месца ў нацыянальным конкурсе кантэнт-праектаў. Што гэта за конкурс?”

Балахонаў: “Гэты конкурс праводзіцца некалькі гадоў, там у прынцыпе любы чалавек, які мае блог ці сайт, мог падаць заяўкі адпаведна ўмовам, якія вылучаў tut.by, і спэцыялісты ацэньвалі паводле нейкіх уласных крытэраў зьмест сайту. Яны, наколькі я разумею, мала зьвярталі ўвагу на дызайн і ўсё астатняе, але больш зьвярталі ўвагу на напаўненьне... Я чыста выпадкова ўспомніў у пачатку сакавіка, што гэты конкурс ёсьць, і ён акурат у гэты час і пачынаўся. І павагаўшыся, я наабум напісаў ім заўяку, амаль што забыўся пра яе – і тут мне на днях тэлефануюць і кажуць, што я там заняў са сваім сайтам нейкае месца...”

Караткевіч: “Маецца на ўвазе "Тэзэй беларускага постмадэрнізму". А Вы перакананы, што Вы постмадэрніст?”

Балахонаў: “Мяне пытаюцца ўжо год-другі... Я хачу сказаць, што гэта для мяне не зусім прынцыпова. Мы жывем у такім сьвеце, дзе даводзіцца ствараць імідж і потым на гэты імідж працаваць. Імідж ператварае нас у своеасаблівых рабоў, нявольнікаў, і цяпер я жыву ў палоне створанага незнарок іміджу – хай пакуль будзе, а што там будзе далей – пакажа час”.

“Атрымліваецца, што часам перашкаджаеш сам сабе”

Караткевіч: “А што перашкаджае Вам жыць?”

Балахонаў: “Розныя рэчы. Можа быць, тое, што ў сутках 24 гадзіны - хацелася б больш. Можа, тое, чалавек – біялягічная істота, і трэба здавальняць розныя патрэбы, а хочаш зэканоміць час на нешта іншае. Нейкія асаблівасьці ўласнага характару таксама могуць перашкаджаць, і часьцяком здараецца бываць нерашучым ці празьмерна пераборлівым. Атрымліваецца, што часам перашкаджаеш сам сабе”.

Караткевіч: “У 2005 годзе Вы выдалі кнігу "Імя грушы", а зараз пішаце адначасова два раманы. Раскажыце коратка пра іх”.

Балахонаў: “Пішу – хутчэй, спрабую пісаць... Сапраўды, спрабую напісаць 2 раманы. Адзін прысьвечаны паўстаньню 1863 года на Гомельшчыне – на Гомельшчыне паўстаньня практычна не было, і тут хацелася б абыграць гэты варыянт, што яго не было, але магчыма нешта назіралася... Рабочая назва – "Буда аб''явіўся ў Кашалёве". А другі раман – ён прысьвечаны школьнаму настаўніцкаму жыцьцю, і працоўная назва – "Штрыхкод адзіноты". Некалі ў "Нашай Ніве" была маленькая нататка, і зь яе гэты раман і вырастае. Думаю, што ён будзе ў нечым пераклікацца з творам чэскага пісьменьніка Міхала Вівага "Выхаваньне дзяўчат у Чэхіі".

“Апошнім часам жыцьцё такое пустое, што сапраўды – школа і блог...”

Караткевіч: “А Вы ж яшчэ і перакладчык – у школьныя гады сьпявалі па-беларуску песьні Віктара Цоя...”

Балахонаў: “Перакладчык, зноў-такі – гучна гучыць... Яшчэ ў старэйшых клясах я спрабаваў перакладаць таго ж Цоя, ня толькі яго, але і "Сэктар газа" – такія страшныя рэчы... Было цікава і мне, і маім аднагодкам, якія за гэтым усім назіралі...”

Караткевіч: “Раскажыце пра свае іншыя хобі, апроч літаратуры і інтэрнэту. Інтэрвію з Вамі ў "Нашай Ніве" названае "Жыцьцё паміж школай і блогам". Нешта яшчэ паміж гэтым адбываецца?”

Балахонаў: “Цяжка сказаць, апошнім часам жыцьцё такое пустое, што сапраўды – школа і блог, школа і блог... Насамрэч, усе хобі зьніклі, ня ведаю, чаму так адбываецца. Можа, таму, што пара "остепениться", узяць шлюб з харошай дзяўчынай...”

Караткевіч: “Вы таксама ўжо адказвалі на пытаньне, чаму Вы не жанаты...”

Балахонаў: “Я не адказваў, я спрабаваў ухіліцца ад адказу...”

Караткевіч: “І апошняе пытаньне: у што верыце Вы?”

Балахонаў: “Калі б мяне нехта спытаўся яшчэ колькі гадоў таму, я б сказаў, што я веру ў слова, у сілу слова, і я памятаю, што калісьці я ячшэ ў сваім папяровым дзёньніку пісаў, што слова можа падпаліць час, разварушыць сусьвет... Цяпер я, мабыць, спакайнейшы такі стаў, я веру ў каханьне і ў тое, што яно мае яшчэ большую сілу, чым слова”.
XS
SM
MD
LG