Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка ўкраінскага палітычнага крызысу: 9 красавіка


Юры Дракахруст, Прага Палітычны крызыс ва Ўкраіне працягваецца. Прэзыдэнт Юшчанка ў велікодным звароце падкрэсьліў незваротнасьць свайго рашэньня аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах. Вярхоўная Рада сёньня прыняла зварот, у якім выказвае гатовасьць правесьці адначасна датэрміновыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары і рэфэрэндум аб уступленьні Ўкраіны ў НАТА.

У велікодным пасланьні прэзыдэнт Юшчанка заявіў, што сытуацыя ня дойдзе да грамадзкага супрацьстаяньня. Ён, у прыватнасьці, сказаў:

“Маё рашэньне – канстытуцыйнае і легітымнае, павороту назад ня будзе. Я гарантую, што ня будзе грамадзкага супрацьстаяньня. Праваахоўныя і сілавыя структуры дакладна выканаюць указаньні прэзыдэнта на гэты конт. Новыя выбары будуць свабоднымі і справядлівымі”.

Прэзыдэнт патлумачыў, што ў парлямэнце незаконна стваралася кааліцыя канстытуцыйнай большасьці, якая стала б некантраляванай. “Яна абмяжуе вашы правы і зьменіць лад у краіне. Гэта называецца ўзурпацыяй улады”, – сказаў прэзыдэнт, зьвяртаючыся да ўкраінскага народу.

Урад адмаўляецца фінансаваць правядзеньне выбараў, а Вярхоўная Рада працягвае свае пасяджэньні. Яны настойваюць на тым, што трэба дачакацца рашэньня Канстытуцыйнага суду аб тым, ці адпавядае ўказ прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах Асноўнаму закону.

Сёньня дэпутаты, прыхільнікі ўладнай кааліцыі, якая складае большасьць дэпутацкага корпусу, прынялі зварот да народу Ўкраіны. У ім, у прыватнасьці , гаворыцца, што “ва Ўкраіне ўзьнікла пагроза страты дзяржаўнасьці, прычына – спроба зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот пад выглядам датэрміновага прыпыненьня паўнамоцтваў парлямэнту”.

“Мы ня супраць датэрміновых выбараў. Мы супраць незаконна прызначаных выбараў, супраць стварэньня прэцэдэнту, які прывядзе Ўкраіну да стану былой Югаславіі” – гаворыцца ў звароце.

Дэпутаты выступаюць за адначасныя датэрміновыя выбары прэзыдэнта і парлямэнту, а таксама за правядзеньне рэфэрэндуму аб уступленьні Ўкраіны ў НАТА. Паводле апытаньняў, за далучэньне Ўкраіны да Паўночна-атлянтычнага альянсу выказваюцца крыху больш за 20% грамадзянаў.

Вярхоўная Рада таксама прыняла зварот да кіраўнікоў дзяржаваў, урадаў і парлямэнтаў эўрапейскіх краінаў з просьбай накіраваць сваіх прадстаўнікоў у якасьці назіральнікаў за разьвіцьцём падзеяў ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG