Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: чым адметны для вас сёлетні Вялікдзень?


Міхал Карневіч, Горадня Наш карэспандэнт задаваў людзям гэтае пытаньне на вуліцах Горадні

Хлопец: “Ой, ня ведаю. Хіба што надвор’е зьмянілася, а так... Здаецца, усё па-ранейшаму, у жыцьці нічога новага”.

Спадарыня: “Мы так сьвяткуем, як нас бацькі вучылі. Мы каталікі, ходзім у касьцёл і кожны Вялікдзень адзначаем, як вучылі бацькі. І ўсё”.

Дзяўчына: “Надвор’е іншае, сьнег падае, усё выдатна”.

Хлопец: “Надвор’е зьмянілася да горшага, паўсюль слота”.

Спадарыня: “У любым выпадку Вялікдзень застаецца вельмі добрым сьвятам. Усе дзеці і ўнукі былі ў нас і адзначалі, як заўсёды”.

Спадар: “Сёлета, здаецца, адзначалі Вялікдзень больш урачыста. Напэўна, народ верыць у Бога. У мінулыя гады столькі людзей на Вялікдзень у касьцёлах і цэрквах не было, значыць, вераць. Гэта да лепшага”.

Спадар: “Надвор’е перашкодзіла сьвятам, як ніколі”.

Дзяўчына: “Надвор’е дрэннае, але калі чалавек хоча, каб яму было добра, каб было сьвята, то ён сам гэта стварае. А адметнасьць гэтага Вялікадня — я хадзіла на дзень нараджэньня да сяброўкі”.

Спадар: “А нічым асаблівым ён не адметны. Неяк сумна, няма сьвята ў душы”.

Дзяўчына: “На гэты Вялікдзень у красавіку нечакана выпаў сьнег. Вось...”

Дзяўчына: “Хіба што надвор’ем — ды яшчэ тым, што Вялікдзень адзначалі ўсе хрысьціянскія канфэсіі ў адзін дзень. А я яшчэ першы раз патрапіла на ўсяночную, яшчэ болей адчула сьвята, было вельмі ўрачыста ў душы. Вельмі мне спадабалася. Там было шмат народу, адчувалася, калі мы разам, у нас усё выглядае больш сьвяточна”.

Ейная сяброўка: “Нават нягледзячы на тое, што выпаў сьнег, раніцай, калі мы абудзіліся, сьвяточны настрой нас не пакідаў і не пакідае дагэтуль, адчуваецца сьвята”.

Спадар: “Надвор’е надвор’ем. Зрэшты, на Вялікдзень заўсёды няма добрага надвор’я, а вось што цэны ў крамах растуць, а заробак застаецца той самы — вось гэта...”

Ягоная жонка: “Страшная ў нас будучыня. Здаецца, і вайны няма, мір, але ў той самы час — няма жыцьця”.

Спадарыня: “Нічым для мяне ён не адметны, я такіх сьвятаў не адзначаю”.

Дзяўчына: “Дрэнна, што панядзелак працоўны дзень, ня ўдасца яшчэ сёньня сабрацца зь сям’ёй, бо мы вельмі рэдка дамоў прыяжджаем”.

Спадарыня: “Цяпер болей людзей у гэта вераць, і ў храм свабодна можна заходзіць — мне гэта вельмі падабаецца. Добра, што народ стаў верыць, ён цяпер бліжэйшы да Бога, як кажуць”.
XS
SM
MD
LG