Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: Ці пераадоленыя наступствы падвышэньня цэнаў на газ і нафту?


Альгерд Невяроўскі, Менск У велікодным выступе ў менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што наступствы падвышэньня цэнаў на газ і нафту пераадолелі. Ці згодныя зь ім жыхары Менску?

Хлопец: “Лічу, што пераадолела. Бо кіраўніцтва дзяржавы пачало выпрацоўваць нейкія альтэрнатыўныя варыянты. Такія, як, напрыклад, будаўніцтва атамнай электрастанцыі”.

Пэнсіянэрка: “Цяжка сказаць, але думаю, што пераадолее. Я неяк веру ў сваю дзяржаву і ў свайго прэзыдэнта”.

Дзяўчына: “Я думаю, што пераадолела настойлівасьцю. Даказалі, што мы маем рацыю”.

Спадар: “Ня думаю, што пераадолела. Газ дарагі, раней было лепей”.

Спадар: “Думаю, не. Будаўнічыя матэрыялы падаражэлі амаль на траціну. Калі летась яны каштавалі 95—105 тысяч рублёў за кубамэтар, то сёлета ўжо 140—145 тысяч. Усё гэта адбіваецца”.

Спадарыня: “Лічу, што не пераадолела. Я бачу, што нават пэнсіі людзям не падвысілі ў красавіку, як раней падвышалі. Няма сродкаў”.

Карэспандэнт: “Ці лічыце вы, што Беларусь сапраўды пераадолела наступствы падвышэньня Расеяй цэнаў на газ і нафту?”

Спадар: “Нічога не пераадолена. Кватэрная плата недзе павысілася, недзе засталася на тым жа ўзроўні. Пытаньне застаецца адкрытым”.

Спадарыня: “Ня думаю, бо цэны растуць і адбіваюцца на іншых паслугах. Харчы даражэюць, кватэрная плата”.

Спадар: “Лічу, што не пераадолела. Цяпер, як і раней, здаецца, плацім 50 даляраў за тысячу кубоў газу. І невядома, што будзе далей, калі пачнем плаціць поўную цану”.

Яго сябар: “Лічу, што плаціць за газ поўнай цаны мы яшчэ ня можам”.

Пэнсіянэрка: “Няма ніякага пераадоленьня. Тое, што гаворыць прэзыдэнт, для нас не аўтарытэт. Можа, так і кепска казаць пра чалавека, які нібыта абраны народам, але гэта вельмі вялікае пытаньне. Я ня бачу пераадоленьня цяжкасьцяў ні ў чым”.

Хлопец: “Спрабуе пераадолець. Спадзяюся, што перажывем гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG