Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя павінна дапамагаць уладзе, абранай народам”


Валянцін Жданко, Менск У нашай пошце апошніх дзён нямала лістоў на тэму дачыненьняў дэмакратычнай апазыцыі і ўлады, апазыцыі і грамадзтва. Гэта абумоўлена нядаўняй масавай акцыяй апазыцыі, якая адбылася на вуліцах Менску 25 сакавіка, у Дзень Волі.

Разважаючы пра вынікі апазыцыйнага шэсьця й мітынгу, наш слухач Леанід Навіцкі зь Менску піша:

“Калісьці я таксама хадзіў на мітынгі, на апазыцыйныя сходы і нават запісаўся ў адну партыю. А потым зразумеў, што ўсё гэта — бессэнсоўна.

Цяпер слухаю, як па “Свабодзе” выступаюць Лябедзька, Вячорка, Мілінкевіч — і ўсьміхаюся. Спрачаюцца, ці трэба праводзіць кангрэс, хто мае права называцца лідэрам... Як жа ўсё гэта сумна. Ды ня зьменіцца нічога ад усіх гэтых кангрэсаў і перавыбараў — няўжо не зразумела? Колькі іх ужо было за апошнія дванаццаць гадоў.

І рэч зусім ня ў тым, ці аб’яднаецца апазыцыя, ці разьяднаецца... Яны могуць нават стварыць маналітную жорсткую структуру са сталінскай дысцыплінай — вынік будзе прыблізна той жа.

Галоўная прычына ў тым, што апазыцыя ў нас — сама па сабе, а большасьць грамадзтва — само. Яны існуюць паралельна, асобна. Апазыцыя агучвае нібыта правільныя праграмы і лёзунгі, а людзі іх ня чуюць і не разумеюць. А што патрэбна, каб пачулі й зразумелі — ніхто ня ведае”.

На вашы сумневы і пытаньні няма простага і адназначнага адказу, спадар Навіцкі. З аднаго боку, відавочна, што апазыцыя пастаўленая ў такія ўмовы, каб голасу яе ня чулі й не разумелі, каб ёй не давяралі. Яна выштурхнутая з сыстэмы ўлады, пазбаўленая доступу да масавых мэдыяў, уплыву на ўсе важныя дзяржаўныя рашэньні.

З другога ж боку, сапраўды, сярод значнай часткі грамадзтва няма ўсьведамленьня неабходнасьці пераменаў у дзяржаве, гатовасьці да іх.

Многае тут тлумачыцца параўнальна стабільнай эканамічнай сытуацыяй апошніх гадоў, ростам даходаў насельніцтва. Пры дзесяціпрацэнтным эканамічным росьце ў краіне рэвалюцыі не адбываюцца. Нават калі рост гэты ў многім быў абумоўлены таннымі расейскімі газам і нафтай.

Зрэшты, аўтарытарная сыстэма ўлады і адміністрацыйна-камандная эканоміка маюць абмежаваныя магчымасьці для разьвіцьця. Тым больш, што шчодрае вонкавае падсілкаваньне, пачынаючы з гэтага году, значна скарацілася, а ў будучыні яго ўвогуле ня будзе.

Увогуле, ніводзін аўтарытарны рэжым на сьвеце не забясьпечыў яшчэ росквіту сваёй краіны і дабрабыту грамадзянаў і ня выйграў эканамічнага суперніцтва з тымі краінамі, дзе дэмакратычны дзяржаўны лад і рынкавая эканоміка. І беларускі рэжым наўрад ці будзе выключэньнем.

Наступны ліст таксама пра стаўленьне ў грамадзтве да дэмакратычнай апазыцыі. Яго даслаў наш апанэнт Леанід Шчорс з украінскага Ужгараду:

“Я карэнны беларус. З 18 гадоў пайшоў, як раней казалі, на свой хлеб. Аб’езьдзіў усю вялікую краіну — СССР. Пражыў сем гадоў за мяжой. Цяпер жыву ва Ўжгарадзе (так склаўся лёс). Але ў Беларусі бываю штогод (яшчэ жывыя сваякі).

Вы сябе называеце дэмакратычнай апазыцыяй. А я вас называю ворагамі беларускага народу, якія дапамаглі разваліць вялікую краіну. Сапраўдная апазыцыя павінна дапамагаць уладзе, абранай народам, у вырашэньні многіх пытаньняў.

Вазьмеце Расею. Там лідэр апазыцыйных камуністаў Зюганаў не паехаў да галоўнага антыкамуніста Буша прасіць падачак, як гэта зрабіў ваш апазыцыянэр Калякін. Зюганаў ідзе да Пуціна і вырашае пытаньні. Вось як павінна рабіць сапраўдная апазыцыя.

А вы? Таму вас 85—90 працэнтаў народу і ненавідзіць. Вядома, паскудзтва вы робіце шмат. Буду сёлета ў Беларусі — мы яшчэ пагутарым”.

Не сумняюся, спадар Шчорс, што і Сяргей Калякін, і Аляксандар Мілінкевіч, і іншыя апазыцыйныя лідэры ахвотна селі б за адзін стол з Аляксандрам Лукашэнкам, каб, як вы пішаце, “вырашаць пытаньні”. Ды толькі ўлада ў Беларусі гаварыць з апазыцыяй на роўных катэгарычна не пагаджаецца.

Лідэр расейскіх камуністаў Зюганаў — дэпутат Дзярждумы, кіраўнік буйной парлямэнцкай фракцыі. У беларускім жа парлямэнце апазыцыянэраў няма ўвогуле — ніводнага. Вам не здаецца гэта дзіўным, спадар Шчорс?

Ці вы лічыце, што беларускае грамадзтва аднадушна падтрымлівае ўладу? Як і ва Ўкраіне, і ў Расеі, людзі ў Беларусі па-рознаму ставяцца да ўлады й апазыцыі. Але тыя, хто думае інакш, чым улада, сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце мець ня могуць — такая ў Беларусі створаная сыстэма выбараў. Сыстэма, якая добра знаёмая вам, спадар Шчорс, з камуністычнага часу.

У Савецкім Саюзе, калі памятаеце, 99 працэнтаў людзей заўсёды “галасавалі” за так званы “непарушны блёк камуністаў і беспартыйных”. Ці не таму так лёгка й развалілася тая краіна, якую вы лічыце вялікай?

Палітычны крызіс ва Ўкраіне — адна з галоўных міжнародных падзеяў апошняга тыдня. Электронны ліст ад нашага слухача Валера Грыцука зь Менску:

“Мяне вельмі непакоіць сытуацыя ва Ўкраіне. Так, указ прэзыдэнта Юшчанкі аб роспуску Вярхоўнай Рады мае праўныя супярэчнасьці, паколькі ў Канстытуцыі запісаныя толькі тры падставы для роспуску парлямэнту.

Але Юшчанка ў сваім указе акцэнтуе ўвагу на пагрозе сувэрэнітэту Ўкраіны, якая вынікае зь незаконнага фармаваньня кааліцыяў дэпутацкіх фракцыяў.

Дэпутатам папросту прапаноўвалі мільён і больш эўра за пераход у кааліцыю Януковіча. Украіна — не Беларусь, там прыватных грошай многа.

Як вынік, Януковіч мог бы кіраваць канстуцыйнай большасьцю дэпутатаў. То бок, мог “дэмакратычна”, легітымна зьмяніць Канстытуцыю на свой капыл, адпаведна — заключаць розныя, нават фэдэратыўныя саюзы (з Расеяй).

Ва Ўкраіне склалася фактычна патавая сытуацыя, падобная на тую, што была ў 1993 годзе ў Расеі. Але ўказ лепш, чым гарматы танкаў. Перакананы, што выбары ва Ўкраіне адбудуцца, толькі хто пераможа — прагназаваць немагчыма.

Першасная прычына гэтай сытуацыі — гіпэртрафаваныя амбіцыі Юліі Цімашэнкі, калі яна не пайшла на кампраміс зь Юшчанкам і патрабавала пасады прэм’ер-міністра выключна для сябе, хоць была магчымасьць зацвердзіць іншую кадыдатуру на гэтую пасаду ад яе блёку.

Нам, беларусам, трэба глядзець на суседзяў і рабіць уласныя высновы. Амбіцыі асобных лідэраў ёсьць прычынай крызісаў і нават катастрофаў для краіны. Цяпер беларуская апазыцыя ня мае ўлады, а амбіцыі ўсё адно выбухаюць. То што будзе з гэтымі лідэрамі, калі яны атрымаюць ўладу?”

Людзі, якія ня маюць палітычных амбіцыяў і ня мараць пра ўласнае месца ў сыстэме ўлады, у палітыку не ідуць, спадар Грыцук. А калі пад ціскам нейкіх абставінаў і ідуць, то ніколі не дасягаюць галоўных палітычных вяршыняў (хіба за нейкімі рэдкімі выключэньнямі).

І тое, што інтарэсы амбітных асобаў у працэсе барацьбы за ўладу сутыкаюцца — непазьбежна і, думаю, нармальна. Асабліва ў такіх нестабільных палітычных сыстэмах, як у постсавецкіх краінах.

Іншая рэч, наколькі славалюбныя і амбітныя лідэры здольныя шукаць і знаходзіць кампрамісы, прадбачыць наступствы ўласных дзеяньняў.

Нашага даўняга слухача і аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну турбуе тэма ўвечненьня ў Беларусі памяці расейскага военачальніка Аляксандра Суворава.

Нягледзячы на тое, што праваслаўнай царквы ў гонар Суворава ў Кобрыне, насуперак распаўсюджанай раней інфармацыі, усё ж ня будзе, Павал Сац лічыць, што праблема засталася:

“Трэба дамагчыся будаўніцтва ў Кобрыне капліцы-помніка ў гонар ахвяраў карных войскаў, якімі кіраваў Сувораў. Нашы продкі, вернікі ўніяцкай царквы, абаранялі ад акупантаў родную краіну й свае сьвятыні, але паклалі галовы ў няроўнай барацьбе.

Я яшчэ зь дзяцінства памятаю, як мае бацька і дзед называлі Суворава катам і вешальнікам. Дзед нават паказваў мне месца, дзе калісьці былі пахаваныя нашы продкі — жыхары сяла, забітыя й павешаныя карнымі войскамі Суворава. Месца тое — за 150 мэтраў на поўдзень ад царквы, на рагу вуліцаў”.

Сапраўды, спадар Сац, ушаноўваць у Беларусі імя Суворава — гэта прыблізна тое ж, што ствараць музэі й называць вуліцы расейскіх гарадоў імёнамі Чынгісхана альбо Мамая.

Многае тут тлумачыцца гістарычнымі абставінамі мінулых двухсот гадоў, калі Беларусь ня мела ўласнай дзяржаўнасьці, а беларускім дзецям на ўроках гісторыі расказвалі пераважна пра гераічныя подзьвігі расейскага народу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG