Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дацкіх сьвіней зьбіваюць на шляху ў Беларусь


Алена Струвэ, Менск На мінулым тыдні галоўнай тэмай сюжэтаў дацкіх СМІ стаў скандал вакол сьвіней. Буйнейшы ў сьвеце экспарцёр сьвініны Данія нават прыпыніла аўтаперавозкі жывёліны за межы ЭЗ, у тым ліку, у постсавецкія краіны, пакуль ня будзе прыняты новы этычны кодэкс для кіроўцаў гэтага грузу.

Падставай для рашэньня стала журналісцкае расьледаваньне мясцовай кампаніі Doctar - TV. Цягам некалькіх дзён журналісты адсочвалі рух дацкіх фураў у бок Расеі і Беларусі. З рэпартажу вынікала, што ў часе гэтага працяглага шляху сьвіньні не даглядаліся, іх не паілі і не сілкавалі. Нярэдка, ў часе тэхнічных прыпынкаў кіроўцы жорстка зьбівалі жывёлін. Пад час кантролю на мяжы зь Беларусьсю латвійскія мытнікі ўстанавілі, што некаторыя сьвіньні сканалі, некаторых неабходна было б ўсыпіць, у большасьці назіраліся пераломы костак. Жывёліны паводзілі сабе вельмі агрэсіўна і нават спрабавалі есьці адна адну. Як вынікала з рэпартажу, падобныя парушэньні з’яўляюцца сыстэматычнымі на шляху ў Беларусь ці Расею.

Некаторыя дацкія кіроўцы за парушэньні правіл абароны жывёліны нават пазбаўляюцца дацкага допуску да падобных перавозак. Аднак пры гэтым яны маюць польскую ліцэнзію і ў выніку без перашкод перавозіць сьвіней ва Ўсходнюю Эўропу і краіны былога СССР. Сюжэт заканчваўся тым, як адзін зь кіроўцаў пасьля мытнай праверкі павёз жывы груз далей у бок Беларусі.

“Спадарства, вы - сьвіньні”, зьвяртаюцца да сваіх суайчыньнікаў дацкія журналісты. Яны заклікаюць айчынных аграрыяў, памежнікаў, вэтэрынараў ды таксама іхных партнэраў па ЭЗ і па-за яго межамі да больш пільнага кантролю такога жывога грузу, а таксама ставяць пытаньне, наколькі небясьпечнае мяса падобнай фізычна і псыхічна траўмаванай жывёліны для чалавека.

“Як фэрмэры мы цалкам адказныя за тое, што здараецца з нашымі жывёлінамі нават па-за межамі краіны, адначасна мы адказваем за здароўе людзей, які ўжываюць нашу прадукцыю”, пракамэнтаваў журналісцкае расьледваньне Прэзыдэнт Дацкага зьвязу сялян Пэтэр Гамэлка. Ён лічыць, што падобныя факты наносяць вялікую шкоду дацкаму сьвінагадоўчаму бізнэсу і выступае за жорсткае пакараньне тых, хто зьдзекуецца над жывёлінамі.

Колішні міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, а цяпер расейскі бізнэсовец Васіль Лявонаў, добра ведае дацкую пароду сьвіней.

Лявонаў: “Лепшая генэтыка – гэта Данія. Гэтая парода можа палепшыць генэтыку айчынных і ня толькі айчынных сьвіней. І беларускім, і расейскім, нават польскім і нямецкім сьвіньням далёка да дацкіх ”, кажа Лявонаў. Ён не выключае, што незбаве зоймецца сьвінагадоўчым бізнэсам у Расеі, паколькі добра ведае гэту галіну.

Бэконная парода ландрас выведзеная датчанамі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя і мае шэраг пераваг зь гледзішча пладавітасьці, талерантнасьці жывёліны да ўмоваў надвор’я, якасьці мяса. “Калі гэтыя вельмі добразычлівыя сьвіньні пачынаюць есьці адна адну, то праблему трэба шукаць ня толькі ў асобе кіроўцы, але ў транспарце. Хутчэй за ўсё, фургоны не былі адпаведна прыстасаванымі і жывёлінам было цесна”, мяркуе колішні міністар.

Паводле Лявонава, сьвіньні, у тым ліку і беларускія, не заслугоўваюць таго, як ставяцца да іх людзі. Ён мае на ўвазе іх сілкаваньне з ужываньнем антыбіётыкаў, гармонаў, таксама ўтрыманьне жывёліны, нават тое, зь якой жорсткасьцю яе часам забіваюць.

“Беларусі, калі мець на ўвазе не адмысловыя сьвінакомплексы, а калгасы ды саўгасы, далёка да адпаведнасьці эўрапейскім санітарным нормам. Я кажу і пра стаўленьне, і пра перавозку, і пра дагляд, пра ўсё. Гэта болей нагадвае сьвінскае стаўленьне. Аднак, як бачым, дрэннае стаўленьне сустракаецца ня толькі ў нас, але і на Захадзе”, -- кажа Лявонаў.

Што да дзейсных супрацоўнікаў Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, то пра прэцэдэнт з дацкімі сьвіньнямі яны нічога ня чулі. Хутчэй за ўсё, гэта транзытныя сьвіньні.

“Мы ніякіх жывых сьвіней з Даніі ня ўвозім. Мяса таксама цяпер не імпартуем. Для паляпшэньня генэтыкі сьвіней Беларусь імпартуе кроў і спэрму”.

Паводле афіцыйных дадзеных, Беларусь імпартуе з Расеі сьвіныя паўфабрыкаты. Дзе гарантыя, што ў Беларусь ня трапіць мяса менавіта з таго дацкага фургону?

На гэтае пытаньне, супрацоўнікі міністэрства і ўпраўленьня вэтэрынарыі адказваюць: “Усе грузы з жывёлінай і мясной прадукцыяй, як прамыя, так і транзытныя, пільна даглядаюцца беларускімі мытнымі ды вэтэрынарнымі службамі”.

Эканамічны экспэрт Міхал Залескі, які мае досьвед у сьвінаводчым бізнэсе, лічыць падобныя аргумэнты чыноўнікаў сумнеўнымі.

“Настолькі няма пэўнасьці – мы бачым, што адбываецца з нашым беларускім кантролем, што адбываецца ў Расеі. Мы ня бачым нармальнага абсталяваньня мяжы. Калі мяжа з аднаго боку, то гэта падштурхоўвае да крымінальнага транзыту. Калі б з двух бакоў была зачынена, то ніхто б на гэта не пайшоў. Рэальны рынак збыту –гэта Масква, Санкт - Пецярбург. У нас спажывец ня той. Вось тут усё і пачынаецца”, кажа Міхаіл Залескі.
XS
SM
MD
LG