Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску спаганяюць грошы на добраўпарадкаваньне


Альгерд Невяроўскі, Менск Салігорскі райвыканкам прыняў рашэньне, паводле 20% аднадзённага заробку працаўнікоў арганізацыяў павінны пералічацца на рахунак выканкаму. Гэтыя грошы мусяць пайсьці на добраўпарадкаваньне гораду і раёну. Многія працаўнікі пагаджаюцца плаціць каб не псаваць адносіны з начальствам. Але ёсьць і такія, хто плаціць адмаўляецца.

Такім чынам гарадзкія ўлады хочуць добраўпарадкаваць Салігорск да яго 50-гадовага юбілею, які будзе адзначацца ў 2008 годзе. Я спрабаваў высьветліць у райвыканкаме, якім чынам, добраахвотна ці прымусова людзі павінны аддаваць свае грошы ў раённы бюджэт. Але намесьнік старшыні ў пытаньнях сацыяльнай сфэры й ідэалёгіі Анатоль Казакевіч адказваць на пытаньні адмовіўся:

Карэспандэнт: “Якім чынам дзейнічае гэтае рашэньне? Ці яно абавязковае для ўсіх працаўнікоў прадпрыемстваў вашага гораду?”

Казакевіч: “Адкуль я ведаю, што вы прадстаўляеце менавіта гэтае СМІ? Такія пытаньні не па тэлефоне. Да пабачэньня”.

Праўда намесьніца начальніка аддзелу эканомікі Салігорскага райвыканкама Валянціна Серык сказала, што збор мае, нібыта добраахвотны характар.

Як зьбіраюць грошы з людзей у Салігорску раскаўзаў прэсавы сакратар Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Дзяніс Таўпека:

“Як гэта адбываецца на прадпрыемствах... Проста ходзіць начальнік па сваіх падначаленых са сьпісам, у якім напісана колькі людзі павінны заплаціць у залежнасьці ад заробку. Некаторыя рэагуюць адмоўна, некаторыя кажуць, што можа і сапраўды пойдзе на горад. Трэба і дарогі новыя. Іншыя ж гавораць, што плацяць падаткі, але куды гэтыя грошы зьнікаюць невядома, бо нічога ў горадзе не мяняецца. Нехта з салідарнасьці з начальнікам, зь якім нармальныя адносіны, каб начальніку нічога кепскага не зрабілі піша, што кожны месяц будзе плаціць тры тысячы. Але некаторыя адмаўляюцца”.

Паводле Дзяніса Таўпекі, адміністрацыя некаторых прадпрыемстваў Салігорску цісьне на кіраўнікоў сярэдняга зьвяна, а тыя просяць працаўнікоў даць выканкаму хоць пару тысяч. Наколькі законным ёсьць такі “добраахвотна-прымусовы” збор сродкаў? Вось меркаваньне юрыста, прадстаўніка Беларускага хэльсынскага камітэту Алега Гулака:

“Фармулёўка, так як яна напісана, зь яе вынікае абавязковы характар. І кожны кіраўнік разумее, што расказваць можна як хочаш, але яму пастаўленая задача гэтыя грошы спагнаць. А гэта ёсьць прамое парушэньне закону і добраахвотнасьці ахвяраваньняў. Быццам бы фармальна нікога не прымушаюць, але ў краіне створаная такая сыстэма. Што людзі будуць вымушаныя нешта даваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG