Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Ганцавічах журналісты недзяржаўнай газэты абараняюць міліцыянта


Галіна Абакунчык, Менск У Ганцавічах супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу мясцовага райвыканкаму абскарджвае дзеяньні супрацоўніка міліцыі. Чыноўнік вінаваціць яго за падтрымку журналістаў газэты “Ганцавіцкі час”. Рэдакцыя незалежнага выданьня спрабуе абараніць ахоўніка правапарадку.

Вэтэранская арганізацыя Ганцавічаў запрасіла на ўрачысты сход з нагоды 20-годзьдзя заснаваньня журналістаў незалежнага тыднёвіка “Ганцавіцкі час”. Асьвятляць падзею накіравалі карэспандэнтку Ірыну Дамарацкую. Яна і паведамляе, што з гэтага атрымалася:

Дамарацкая: “Прыйшла на сьвяточную імпрэзу, а работнік ідэалягічнага аддзелу, які стаяў каля дзьвярэй, не прапускаў на мерапрыемства. Прыйшлося вырашаць гэтае пытаньне пры дапамозе ўчастковага Алега Ціхана”.

Ідэоляг Генадзь Паплаўскі, які распачаў канфлікт, ад камэнтараў цяпер ухіляецца. За падначаленага гаворыць намесьніца старшыні Ганцавіцкага райвыканкаму Лідзія Занька:

“Гэта ўсё паводле чутак і ня мае пад сабой ніякіх такіх падставаў і асноваў. Нецікавае гэтае пытаньне і нецікавая гэтая размова. Таму й ня ведаю, як і што вам сказаць”.

За тое, што ўчастковы дапамог журналістцы прайсьці на імпрэзу, зараз трывае ціск з боку мясцовых чыноўнікаў. У сваю чаргу журналісты імкнуцца яго абараняць, кажа рэдактар тыднёвіка “Ганцавіцкі час” Пятро Гузаеўскі:

“Пачаўся ціск на гэтага ўчастковага. Цалкам паводле літары закона спрацаваў і зараз павінны яшчэ адказваць, навошта ён складаў пратаколы і дазволіў журналістцы прайсьці. Таму я напісаў скаргу старшыні райвыканкаму аб незаконных дзеяньнях вось гэтага спэцыяліста ідэалягічнага аддзелу. А міліцыя – яна павінна правесьці праверку і таксама даць адказ аб сваіх прынятых рашэньнях”.

Камэнтуе сытуацыю юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

“Калі журналістаў не дапускаюць на нейкія мерапрыемствы, то сёньня гэта досыць тыповая сытуацыя. Адносна гэтага былі і судовыя працэсы. Але гэтая сытуацыя неардынарная, бо звычайна міліцыянты выступалі на баку парушальнікаў закону аб СМІ, а не журналістаў. Тут жа прысутнічае і этычны бок: калі не абараняць свае правы, а таксама людзей, хто гэта дапамагае рабіць, то мы і ня будзем мець гэтых правоў”.

Як падкрэсьліў Андрэй Бастунец, Закон аб друку дазваляе журналісту прысутнічаць на ўсіх значных мерапрыемствах. Артыкул 49 закону сьведчыць, што абмежаваньні на кантакты з журналістамі, а таксама перашкоды ў перадачы інфармацыі зьяўляюцца парушэньнем свабоды сродкаў масавай інфармацыі”.
XS
SM
MD
LG