Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вядомыя беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы будуць сьвяткаваць Вялікдзень?


Любоў Лунёва, Менск На гэтае пытаньне адказвалі Артур Фінькевіч, Мікола Статкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Тацьцяна Процька і Сяргей Калякін.

Слухаць:



Анатоль Лябедзька са сваёй жонкай на Вялікдзень будзе ў сваіх бацькоў у вёсцы Трылец пад Стоўбцамі. Вёска знаходзіцца паміж рэкамі Сула і Нёман. Да бацькоў прыехала і сям’я брата з унукамі. Лідэр АГП прыгадаў, што ягоная бабуля на Вялікдзень заўсёды фарбавала яйкі, пякла булкі і хлеб.

“Маці ў вясковай печы сьпячэ булкі, якія непараўнальныя ні з чым, бо ад іх ідзе такі пах, што язык сам выцягваецца. Будуць яйкі, усё сваё... Заўсёды пасьвечаная соль, яйкі, хлеб... Усе дома за адным сталом”.

Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў Магілёве за графіці палітычнага зьместу, пазбаўлены хатняга цяпла. Ён не разьлічвае, што на Вялікдзень пабачыць куліч і фарбаваныя яйкі.

“Ну, адкуль тыя яйкі? Хто іх фарбаваць будзе? Няма ні часу ні жаданьня іх фарбаваць”.

Мікола Статкевіч не выключае, што ў яго можа быць працоўны дзень. Кіраўніцтва спэцкамэндатуры ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну, дзе апазыцыянэр адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004, адмовіла яму наведаць сваю сям’ю на Вялікдзень.

“Спадзяюся, што гэты дзень ня будзе працоўным, як гэта было на праваслаўныя каляды, калі давялося выкідваць гной з фэрмы. Калі ён ня будзе працоўным, то будуць госьці – сябры, калегі. Ніякіх сьвяткаваньняў у гэтай сытуацыі немагчыма”.

Да старшыні Беларускага Хэльсінскага камітэту Тацяны Процькі ў нядзелю прыйдуць сябры і суседзі. Праваабаронца спадзяецца, што яны прынясуць і вялікодны куліч:

“Ці набуду, ці людзі дадуць мне куліч. Я добра раблю мяса, але зь цестам у мяне толькі зь піцай нешта атрымоўваецца. Прыйдуць суседзі розных веравызнаньняў. Будзем размаўляць на рэлігійныя і на побытавыя тэмы, як звычайна ў людзей”.

Камуніст Сяргей Калякін паведаміў, што ніколі не сьвяткаваў Вялікдзень, бо ў Бога ня верыць.

“Добра ведаю хрысьціянскую ідэалёгію. Там шмат чаго цікавага і шмат чаго падзяляем і мы, партыя камуністаў, ёсьць і пэўныя разыходжаньні. Але я ня верую. Я ўнутрана ня верую, а таму не лічу неабходным, як некаторыя палітыкі, паддавацца нейкай модзе, якая сёньня існуе, на жаль”.

Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка будзе разам са сваёй сям’ёй. Малодшая дачка Ружана ўжо падрыхтавала яйкі, каб іх несьці ў царкву.

“Будзем у сябе дома і да маці зойдзем”.

Карэспандэнтка: “А хто будзе яйкі фарбаваць?”

Вячорка: “У мяне іх малодшая дачка выдатна ўмее фарбаваць і цыбуляй, і фарбамі і парафінам. Яна ўмее ўсяляк. Што тычыцца пасак, то спадзяюся, што нам іх падораць”.
XS
SM
MD
LG