Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Вялікдзень – гэта калі любоў перамагае ўсё, нават сьмерць..."


Галіна Абакунчык, Менск Што для Вас найперш азначае Вялікдзень? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

Юначка: “Што для нас сьвята? Для нас гэта, пэўна, новыя адкрыцьці ў нашай душы. Рыхтуемся да сьвята: пост –чацьвер, пятніца, субота – абавязкова”.

Спадарыня: “Чакалі цэлы год і прычакалі. Для нас, для пажылых людзей, гэта вельмі вялікае сьвята. Стараемся выканаць усе Божыя наказы”.

Юнак: “Гэта сьвята ў душы кожнага веруючага чалавека. Ён нібыта сам перажывае ўсе перажываньні Хрыста і адчувае ўсю значнасьць гэтай падзеі”.

Карэспандэнтка: “Што для Вас найперш азначае Вялікдзень? Як Вы да яго рыхтуецеся, як будзеце сьвяткаваць?”

Юначка: “Яйкі фарбуем, булкі купіла, заўтра будзем асьвячаць. Зараз хачу да споведзі схадзіць. А што азначае? Пэўна, адраджэньне да новага жыцьця, і гэта вялікае сьвята”.

Спадар: “Гэта вельмі радасны дзень, вялікае сьвята. Заўтра яйкі будзем сьвяціць, пірагі. У мяне на працы пытаюцца, а што можна есьці? А я кажу – галоўнае ня есьці, а трэба ачысьціцца, быць добрым прыкладам. Вось у касьцёле пабываеш – і добра, сьветла становіцца на душы”.

Спадарыня: “Па-першае, патрэбна рыхтавацца сваёй душой. Уваскрашэньне Хрыста – гэта збаўленьне душы. І я вельмі хачу для сябе і сваёй сям’і, каб у дзяцей Езус Хрыстус быў у душы і сэрцы”.

Юначка: “Я праваслаўная. Для мяне гэта асаблівае сьвята, бо гэта ўнутранае ачышчэньне. Я трымала ўвесь пост, я адчула ў сабе Хрыста, і для мяне гэта вельмі важна. І кожны чалавек, я лічу, як духоўная асоба вырастае. Бо мы надта загразьлі ў нашых грахах і патанулі ў іх. І я заклікала б усіх людзей прыходзіць да царквы, да касьцёла, бо ў кожнага свая вера”.

Карэспандэнтка: “Што для Вас гэтае сьвята – Вялікдзень?”

Спадар: “Зь сямі гадоў памятаю: у Менску быў, была камуна, маліліся таемна, у прыватных дамах. Зачынялі хаты, завешвалі вокны, каб ніхто ня бачыў. Памолімся, гарбаткі пап’ем, па аднаму выходзім, каб міліцыя ня бачыла, у аўтобус і паехалі”.

Юначка: “Для мяне гэта самае цудоўнае сьвята. Калі сапраўды любоў перамагае ўсё, нават сьмерць. І жадаю ўсяго добрага ўсім тым хрысьціянам, якія сьвяткуюць”.
XS
SM
MD
LG