Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: міліцыянтаў судзяць за затрыманьне дэмакратычных актывістаў


Радыё Свабода У Магілёве працягваюцца судовыя слуханьні з пазову грамадзкіх актывістаў Юр’я Дарашэнкі, Аляксея Паўлоўскага, Аляксандра Каралёва і Ірыны Качаровай супраць інспэктараў Магілёўскай дзяржаўнай аўтаінспэкцыі.

Нагадаем, чацьвёра грамадзкіх актывістаў летась 16 сьнежня мелі намер выехаць празь Менск у Чарнігаў. За дзесяць кілямэтраў да Бялыніч супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Стэльмахаў спыніў маршрутку, якой ехалі актывісты і спаслаўшыся на несапраўднасьць дакумэнтаў кіроўцы, загадаў яму вярнуцца ў Магілёў.

Пазоўнікі вінавацяць міліцыянтаў у спробе сарваць іхны візыт на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі. Дзеяньні міліцыянтаў расцэненыя імі як парушэньне іхных канстытуцыйных правоў.

Сёньня ў залі суду дапыталі шэсьць міліцыянтаў. Праваабаронцы адзначалі, што сьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі не адпавядалі таму, што было напісана ў іх рапартах.

Управа ўнутраных спраў на судзе, у асобе інспэктара прававога забесьпячэньня Тацяны Мартынавай, настойвае, што міліцыянты не парушалі заканадаўства, а іхныя дзеяньні былі правамернымі. Спадарыня Мартынава спасылаецца на вынікі двух праверак – аддзелу ўласнай бясьпекі ДАІ і абласной пракуратуры.

Між іншым, на судзе стала вядома, што інспэктар Стэльмахаў, ад студзеня ўжо не працуе інспэктарам. Цяпер ён -- начальнік аховы Магілёўскага аддзяленьня Белаграпрамбанку.

Суд над супрацоўнікамі міліцыі за незаконнае затрыманьне грамадзкіх актывістаў працягнецца ў Магілёве 9 красавіка.

• Магілёў: грамадзкія актывісты пазвалі да адказнасьці супрацоўнікаў ДАІ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG