Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Палажанка: “Нас не прымусяць меней любіць Беларусь”


Вольга Караткевіч, Прага Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка нарадзілася ў 1990 г. у Менску, вучылася прафэсійна граць на фартэпіяна, цяпер вучыцца ў школе з паглыбленым вывучэньнем нямецкай мовы. 16-гадовая Наста – адзіная школьніца і дзяўчына сярод пяці абвінавачаных у крымінальнай справе супраць “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

"Сонца, якое закладзена ў кожным з нас, ніхто не зваюе"

Караткевіч: “Наста, вітаю Вас”.

Палажанка: “Прывітаньне”.

Караткевіч: “У Вас на мабільным тэлефоне – кампазыцыя "Сонца нам дапаможа". Вы думаеце, сонца дапаможа?”

Палажанка: “Ведаеце, я тут бачу сонца як яскравую надзею і моцную веру. Калі чалавек верыць у сонца, якое закладзена ў кожным з нас, якое ніхто не зваюе – яно дапаможа. І безумоўна пераможа над цемрай, бо вы ўсё асьветліце вакол сябе шчырасьцю, любоўю і вялікай мужнасьцю, таму верце і будзьце яскравей у сваім жыцьці і ў сваіх учынках”.

Караткевіч: “Наста, якія пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі на “Свабодзе” былі самыя распаўсюджаныя?”

Палажанка: “Напэўна, словы падтрымкі. Канечне, хапала і крытыкі, але мы за яе таксама ўдзячныя, і нават занадта. Мы чакаем парады для сябе, для дзейнасьці. Шмат было пытаньняў пра нашыя асобы, асабістыя захапленьні. Нас вельмі зьдзівіла папулярнасьць “Маладога фронту”, але зьдзівіла прыемна”.

“Спадзяюся, што прыйдзе дэмакратычная ўлада, і ў нас ня будзе патрэбы займацца палітыкай”

Караткевіч: “А нейкія пытаньні зьдзівілі Вас, ці ўсе былі прадказальнымі?”

Палажанка: “Людзі ня могуць быць цалкам прадказальнымі. Вельмі зьдзівіла пытаньне аб тым, ці ёсьць у мяне шанец стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Гэтае пытаньне мяне вельмі ўразіла, асабліва ўразілі адказы нашых хлапцоў. Калі шчыра, яно мяне вельмі "ўміліла", бо сапраўды я вельмі спадзяюся на тое, што калі я дасягну таго ўзросту, я ўжо буду жыць у дэмакратычнай краіне, займацца сваёй любай справай, і мне не патрэбна будзе займацца палітыкай. Але я лічу, што жанчына можа займаць гэтую пасаду – я не лічу тут сябе. Хлапцы казалі пра тое, што прэзыдэнтам РБ павінен застаца мужчына, і толькі ён і ягоная рука можа ўзяць краіну ў сваю ўладу... Я думаю – не. Думаю, што нашае грамадзтва ўсё-ткі здолее падняцца да таго моманту, калі жанчыны зоймуць вышэйшыя пазыцыі”.

Караткевіч: “Вы сказалі – зьменіцца сытуацыя, Вы будзеце займацца любімай справай. А гэта якая?”

Палажанка: “Шчыра кажучы, я вельмі хачу стаць настаўніцай беларускай мовы, прывіваць гэтую любоў да краіны, да мовы, павагу да гісторыі малым дзеткам. Каб гэта ўсё было сапраўды шчыра, каб яны вучыліся любіць і жыць па-беаруску. Я канечне разумею, што ў дадзены момант у сувязі з гэтай крымінальнай справай я пры гэтай уладзе ўжо не змагу займацца тым, што я люблю. Але маю вялікія спадзяваньні – мы ў “Маладым фронце” шмат над гэтым працуем, і працуем шчыра, – што штосьці зьменіцца ў гэтай краіне. Што прыйдзе сапраўдная эўрапейская, дэмакратычная ўлада, і ў кожнага з нас ня будзе такой патрэбы займацца палітыкай. Мы будзем жыць у любай краіне”.

“Мы рыхтуемся да самага горшага”

Караткевіч: “А якая пэрспэктыва ў сувязі з Вашай крымінальнай справай?”

Палажанка: -Гэты артыкул прадугледжвае альбо штраф, альбо арышт 6 месяцаў да 2 гадоў. Мы рыхтуемся да самага горшага, рыхтуемся да гэтага маральна, бо мы вельмі ўдзячны такім людзям як Павал Севярынец, Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, калі яны ідуць па гэтым шляху, то ані мы ня можам ад яго адхіліцца. Таму мы ня думаем ні пра якую эміграцыю, гэта наша пазыцыя, а ня нейкі піяр, як нас крытыкавалі ў онлайне. Мы ня хочам стацца нейкімі героямі, не працуем на будучыя падручнікі. Мы працуем шчыра, сапраўды. І калі нам прыйдзецца сустрэцца з кратамі, тады мы іх сустрэнем мужна, бо нашае сумленьне будзе чыстае. Мы ідзем за праўду, за праўду народа, нашай будучыні. Нам няма чаго баяцца, нават калі гэта будзе самая сумная ў будучым гісторыя”.

Караткевіч: “Калі і якім чынам Вы далучыліся да моладзевага і пратэстнага руху?”

Палажанка: “Да МФ я далучылася ў 2004 годзе. У мяне не было нават жаданьня трапіць у іншыя арганізацыі. На той момант я аб іх нават і ня думала. Я заўсёды была патрыёткай, нават ня ведала, куды падзець у сабе гэтае адчуваньне, што я магу штосьці зрабіць для гэтай краіны. І я павінна нешта зрабіць. Я не магу проста так сядзець дома і глядзець гэтыя хлусьлівыя навіны... На шчасьце, я пазнаёмілася з хлапцамі-маладафронтаўцамі на сьвяткаваньні ўгодкаў бітвы пад Воршай. Тады яны мне распавялі, што такое “Малады фронт”, якія пазыцыі, каштоўнасьці ў МФ. Гэта мяне зацікавіла, я прыйшла на першае паседжаньне, пазнаёмілася зь людзьмі і зразумела, што я магу тут быць, павінна тут быць, і мне гэта падабаецца. Так я трапіла ў “Малады фронт”.

“Малады фронт” імкнецца засяроджваць увагу на ўсе тыя словы і пытаньні, якія зараз хвалююць людзей сталага ўзросту, што моладзь ня мае зараз нейкай маралі – п''е піва, ужывае наркотыкі, што вакол бруд. Менавіта “Малады фронт” стараецца выхаваць моладзь. Мы не займаемся палітыкай у сваёй большасьці, мы вымушаны ёю займацца, бо такое зараз становішча, але збольшага мы стараемся выхоўваць добрых, шчырых беларусаў, якія ведаюць гісторыю, мову, якія зараз павінны выходзіць на дэманстрацыі і мітынгі, каб сказаць сваё слова. Таму я вельмі спадзяюся, што мы, маладафронтаўцы, апраўдаем давер і станем прыкладам для іншых. Канечне, нам яшчэ працаваць і працаваць для гэтага... Я вельмі спадзяюся, што мы зможам пераканаць людзей сталага ўзросту, што моладзь у ХХІ стагодзьдзі ўсё ж такі можа мець мараль і сэрца”.

“Я не чакала такой рэакцыі ад аднаклясьнікаў”

Караткевіч: “Кажуць, што за час сьледзтва ў Вас зьявілася шмат прыхільнікаў, і нават вучні, якія з Вамі вучацца ў школе, выказваюць падтрымку. Як гэта выражаецца?”

Палажанка: “Дзякуючы Госпаду, падтрымка сапраўды ёсьць. Людзі прыходзяць у госьці, дасылаюць смс-кі. Пішуць лісты, хочуць пазнаёміцца, неяк увайсьці ў жыцьцё і гэтым дапамагаць. Гэта вельмі міла, я вельмі добра стаўлюся да людзей, бо гэта нейкае люстэрка, дзеля гэтага трэба жыць, вельмі прыемна мець зносіны зь людзьмі.

Я сапраўды не чакала такой рэакцыі ад аднаклясьнікаў. Бо менавіта ў школе людзі баяцца неяк сябе рэалізоўваць, паказваць, у нас у школе нават маленькія дзеткі ходзяць з гэтымі чырвонымі павязачкамі з БРСМ, са значкамі... Неяк жахліва, бо яны неяк не разумеюць, не задумваюцца, навошта ім гэта, які сэнс... Збольшага яны ўсе маўчаць. І калі ў іх ёсьць магчымасьць праз "Свабоду" вось так выказаць сваё меркаваньне наконт маёй дзейнасьці, мне было вельмі прыемна. Наконт прыхільнікаў – гэта канечне гучна сказана, але зьявіліся тыя людзі, якім мой лёс неабыякавы, і я вельмі ўдзячная ім за гэта”.

Караткевіч: “Відаць, з Вашых словаў расказваюць гісторыю, што ў школе быў прызначаны спэцыяльны пэдагог, і гэтую жанчыну папрасілі правесьці з Вамі "прафіляктычную размову". З таго, што я ведаю, Вам сказалі: калі ня спыніце грамадзкай дзейнасьці, ня будзе "жаночага шчасьця". Было такое?”

Палажанка: “Так. Гэта было вельмі “міла”. Я нават зьдзівілася. Мне было вельмі цікава даслухаць яе далей – што ж яна мне прапаноўвае, калі яна кажа, што ў 16 год у мяне ня будзе жаночага шчасьця? Гэта было вельмі крыўдна чуць ад псыхоляга, які займаецца моладзю, які пужаў мяне турмой... Пры гэтым, у гэтай жанчыны не зусім просты лёс – яна працавала ўз дзіцячай калёніі, зь цяжкімі дзецьмі, штосьці адчувалася ў яе сэрцы. Ня думаю, што яна хвалявалася за мяне – гэта быў нейкі загад адміністрацыі, правесьці са мной гэтую бяседу. Тым больш, што гэтая гутарка адбылася перад маім допытам. Мне здавалася, гэта быў добры маральны ход з іхнага боку. Калі яны думаюць, што так яны спыняць нашую дзейнасьць, нагоняць на нас нейкую дэпрэсію, то не. У нас ёсьць падтрымка людзей, сяброў, у нас ёсьць чым жыць, у што верыць, на што спадзявацца”.

“Я веру ў чысьціню сэрца беларускай моладзі”

Караткевіч: “Якія Вы любіце кветкі?”

Палажанка: “Палявыя. Бо набыць кветкі можа кожны чалавек, а сарваць для каханай дзяўчыны 1-2-3 кветачкі з думкамі аб ёй – гэта вельмі прыемна. Думаю, што хлапцы, якія нас зараз слухаюць, задумаюцца наступны раз, што ж яны хочуць падараваць сваёй каханай дзяўчыне”.

Караткевіч: “А ці ёсьць нейкі чалавек, які аказвае Вам такія знакі ўвагі?”

Палажанка: “Ведаеце, такія людзі як бы ёсьць, я добра да іх стаўлюся, але ў мяне да іх больш стаўленьне як да сяброў альбо да палітычных калегаў”.

Караткевіч: “Я ведаю што Вы зьбіраеце анёлаў...”

Палажанка: “У нашым жыцьці шмат цяжкасьцяў, ня ўсё так добра, як хочацца, таму калі глядзіш на гэтых мілых, шчырых, казачных анёльчыкаў, хочацца думаць толькі аб сьветлым і добрым. Гэта прымушае хоць на хвілінку ўсьміхнуцца тады, калі ты гэтага не хацеў і ня мог пару хвілінаў таму. Гэта дае табе магчымасьць хоць на ймгненьне апынуцца ў нейкай казцы і крочыць далей”.

Караткевіч: “Наста, у што верыце Вы?”

Палажанка: “Я веру ў моцны дух маладафронтаўцаў. Я ўпэўнена, што гэтая крымінальная справа і арышты не прымусяць юных змагароў меней любіць Беларусь і меней паказваць гэта. Я веру ў чысьціню сэрца беларускай моладзі, у іх шчырасьць, дабрыню, мужнасьць і жаданьне жыць у вольнай краіне”.
XS
SM
MD
LG