Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці забароняць у Менску прадаваць піва на вуліцах?


Ігар Карней, Менск Старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў прапанаваў забараніць продаж піва ў летніх кавярнях і гандлёвых намётах. Паўлаў перакананы, што менавіта вулічныя кавярні ёсьць асноўным “расаднікам п’янства” у Менску.

Калі прапанова Міхаіла Паўлава пачне дзейнічаць, летнія кавярні збанкрутуюць, -- перакананы гаспадар намёту на праспэкце Незалежнасьці:

“Па бізнэсу, натуральна, удар (што датычна Менску ў прыватнасьці). Бо гандлю бяз піва практычна няма. Пры гэтым усё роўна кожны, хто захоча, знойдзе спосаб “затарыцца”. Сядаюць на мэтро, праяжджаюць два прыпынкі, купляюць у краме і вяртаюцца назад у цэнтар з піўнымі бутэлькамі. А хто хоча легальна выпіць піва, той ня вып’е. Вось і ўвесь эфэкт. То бок, рэальна гэта нікому і ніяк не дапаможа. Затое ініцыятывы ўладаў пастаянна правакуюцца канфлікты, таму што людзі, якія хочуць адпачыць і пры гэтым ня хочуць напівацца, а проста ў выходны дзень хочуць элемэнтарна папіць піва, ня будуць мець такой магчымасьці. Таму мне такія захады не зразумелыя, бо, яшчэ раз кажу: хто хоча, той усё роўна затарыцца”.

У Менску больш за 300 кропак продажу квасу, да таго 200 міні-кавярняў і паўтары сотні шапікаў і павільёнаў, дзе можна набыць безалькагольныя напоі. Плюс яшчэ 370 крамаў, якія гандлююць разьліўнымі напоямі на вуліцы. А вось вулічных кавярняў, дзе можна набыць піва меней за 400.

Без дазволу М.Паўлава півам не загандлюеш

У Менскім гарвыканкаме ня маюць зьвестак пра тое, калі канкрэтна могуць забараніць продаж піва ў летніх кавярнях. У прэсавай службе паведамілі, што рашэньне будзе прымаць асабіста Міхаіл Паўлаў.

Сам Паўлаў папярэдзіў падначаленых, каб сёлета без ягонай санкцыі не давалі дазвол на продаж піва ў цэнтры горада. “Гарбату, каву, сокі, мінэралку – калі ласка”, -- заявіў старшыня Менгарвыканкаму.

Ці будуць гандляваць півам на вуліцах стане зразумела ў самы бліжэйшы час. У гэтым перакананы прадстаўнік Рэчыцкага бровару Андрэй Шыманскі:

“Чакаем панядзелка, у панядзелак будзе канчатковы адказ – выдадуць дазвол пунктам на гандаль півам ці не. У нас атрымліваецца, што мы асобныя месцы ўжо ўсталявалі, былі дазволы, але ў канцы мінулага тыдня іх адклікалі (маю на ўвазе, дазвол на продаж піва). То бок, для нас аўтаматычна ўзьнікае пытаньне мэтазгоднасьці набыцьця ўсяго летняга абсталяваньня. Да таго ж, паралельна з гэтым выйшаў праект указу пра забарону вонкавай рэклямы піва і ўсіх стымулюючых мерапрыемстваў. Усе прома-акцыі, рэклямныя акцыі, дэгустацыі – усё гэта забаронена. Атрымліваецца, усё гэта падпадае пад абмежаваньні. І калі моцна капануць, то нават звычайная налепка на лядоўні цяпер гэтаксама пад забаронай”.

Некалькі гадоў таму ўрад Беларусі прыняў Праграма разьвіцьця піваварнай галіны. Адпаведна ёй, у 2005 годзе ровень спажываньні піва ў краіне мусіў быў вырасьці з 27 літраў на чалавека да 60 літраў на аднаго дарослага чалавека. Сёлета гэты паказьнік ледзь перавысіў 30 літраў.


Як можна перамагчы пьянства? Апытаньне на вуліцах Віцебску.

XS
SM
MD
LG