Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ правядзе слуханьні па Беларусі


Радыё Свабода Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы падчас сваёй вясновай сэсіі 16 — 20 красавіка правядзе слуханьні па Беларусі. Удзел у іх возьме лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Ірына. Слуханьні будуць прысьвечаныя стратэгіі дэмакратызацыі Беларусі.

У слуханьнях таксама возьмуць удзел Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Луіз Арбур, старшыня Эўрапейскага суду ў правах чалавека Жан-Поль Коста, генэральны сакратар "Міжнароднай амністыі” Ірэнэ Кхан і выканаўчы дырэктар "Хьюман райтс уотч" Кэнэт Рот. 18 красавіка справаздачу пра сытуацыю ў Беларусі прадставіць сябра ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс.

На слуханьні былі запрошаныя многія апазыцыйныя лідэры. Аднак старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў “Свабодзе”, што ня зможа паехаць з каляндарных прычынаў.

Падчас леташняй сэсіі Асамблеі парлямэнтары заклікалі краіны, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу, далучыцца да санкцый, уведзеных Брусэлем ў дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
XS
SM
MD
LG