Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Акудовіч: “Беларусы – не містычная нацыя”


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 6 краcавіка. Удзельнікі: філёзафы Валянцін Акудовіч і Пятро Рудкоўскі.

Валер Карбалевіч: “Пасьля краху камуністычнай сыстэмы ў Беларусі, як і ў іншых посткамуністычных краінах, пачаўся рэлігійны рэнэсанс. Адчыняюцца новыя храмы, утвараюцца рэлігійныя суполкі. Людзі ідуць туды і падчас народзінаў, і падчас заключэньня шлюбу, і ў часе пахаваньня блізкіх. Паводле сацыялягічных апытаньняў, прыкладна палова насельніцтва лічыць сябе вернікамі. Таксама й царква ідзе ў школы, шпіталі, войска, у месцы зьняволеньня. І нават кіраўнік дзяржавы на Каляды і Вялікдзень наведвае праваслаўны сабор са сьвяточнымі віншаваньнямі. Дык ці павялічылася роля рэлігіі ў грамадзкім жыцьці беларусаў? Ці стала рэлігія, царква рэальным чыньнікам грамадзкага жыцьця Беларусі?

Валянцін Акудовіч: “Безумоўна, рэлігія і яе базавая ўстанова – царква – сёньня зьяўляецца заўважным чыньнікам грамадзкага жыцьця. Усе сацыялягічныя апытаньні паказваюць высокі ўзровень даверу да царквы і яе месца ў грамадзтве.

Разам з тым, уплыў рэлігіі на грамадзкае жыцьцё – мінімальны. І практычна нідзе рэальна не выяўляецца. Таму што сёньня царква на Беларусі – гэта служба выкананьня царкоўных рытуалаў. Як Вы, сп. Карбалевіч, казалі, яна хрысьціць дзяцей, вянчае маладых на шлюб, выпраўляе аджылых у лепшы сьвет, ладзіць рэлігійныя сьвяты – такія, як Вялікдзень. Але ў штодзённым жыцьці чалавека царква татальна адсутнічае. Яна ня мае каналаў уплыву на людзей. Лякалізаваная сама ў сабе, царква стаіць на гары, як прыгожая цацка, зь якой у адмысловую хвіліну кожны ахвочы можа пацешыць і вока, і сэрца.

Дарэчы, якраз гэтай непрыдатнасьцю царквы ў нашым рэальным жыцьці й тлумачыцца той факт, што ўжо колькі гадоў у краіне ня можа паўстаць хоць якая хрысьціянская палітычная партыя. І гэта натуральна. Бо палітыка ёсьць працай з канкрэтнай рэальнасьцю, а царква ў нас далёка наўзбоч ад яе”.

Карбалевіч: “У чым праглядаюцца прычыны такога становішча – у дзейнасьці самой царквы, у палітыцы дзяржавы ці ў стане грамадзтва?”

Акудовіч: “Тут шмат чыньнікаў. Найперш такое адбываецца таму, што за Саветамі хрысьціянская традыцыя была вынішчана. Але галоўная прычына палягае ў тым, што беларусы – не містычная нацыя. У іх царква і вера не ўнутры, ня ў сэрцы, а недзе звонку.

Я ня зьвязваў бы гэтай сытуацыі з палітычнай уладай. Пры любой уладзе мы мелі б тое ж становішча. На мой погляд, царква ўжо ніколі ня стане на Беларусі штодзённай рэальнасьцю”.

ПОЎНЫ ТЭКСТ ПЕРАДАЧЫ
XS
SM
MD
LG