Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Галіна Дамашэвіч: “Беларуская пісанка самая незвычайная”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 8 сакавіка).

Спрадвеку існуе звычай на Вялікдзень фарбаваць яйкі і асьвячаць іх у храме. Чырвонае яйка сымбалізуе ўваскрошаньне Ісуса Хрыста, сымбалізуе вечнае жыцьцё. Мастацкі росьпіс яек распаўсюджаны ва ўсім хрысьціянскім сьвеце.

Беларуская мастачка Галіна Дамашэвіч стварае ўзоры пісанак цягам усяго жыцьця і мае найвялікшую ў сьвеце калекцыю. Пра сваё захапленьне яна можа гаварыць бясконца.

Міхась Скобла: “Спадарыня Галіна, з чаго пачалося Вашае захапленьне пісанкамі? Калі Вы ўпершыню зразумелі, што велікоднае яечка апрача сакральнай функцыі можа выконваць і яшчэ адну, а менавіта – быць творам мастацтва?”

Галіна Дамашэвіч: “Мастацкіх пісанак у простага народу не было. Звычайна, цыбулькай падфарбоўвалі, бураком, альхой. А пісанкі былі ў інтэлігенцыі, у людзей заможных. І спрадвеку ў Беларусі, кожны Вялікдзень, калі ішлі адведваць сваякоў, то несьлі не гарэлку, а пісанкі. Памятаю, як у сярэдзіне 1930-х гадоў бацька павёз мяне ў Нясьвіж, у замак Радзівілаў. У замку ў сталовай стаялі падносы, а на іх ляжалі пісанкі. Пісанкі былі розныя-розныя, і паводле ўзораў, і паводле велічыні яек. І я з тае пары пачала маляваць яйкі дома. А ў 1939 годзе ў нас на Клеччыне вельмі шмат каго вывозілі ў Сыбір, “раскулачвалі”. І перад Вялікаднем бацька паехаў да майстрыхі па чарговыя пісанкі. А застаў там разбураны хутар, на падлозе валяліся абрыўкі сшытка з узорамі пісанак. Бацька іх сабраў, прывёз дадому і сказаў мне (на ўсё жыцьцё запомніліся ягоныя словы): “Дачушка, там у Сыбіры пагінуць нашы мастакі, то трэба пераймаць іхняе мастацтва, трэба іх памінаць”. І я кожны год памінаю: тых беларускіх мастачак, скрыпачоў, пісьменьнікаў, артыстаў, якія не вярнуліся з Сыбіры”.

Скобла: “Значыць, Вы займаецеся пісанкамі ўжо амаль семдзесят гадоў. Колькі за гэты час Вы распрацавалі ўзораў? Колькі пісанак у вашай калекцыі?”

Дамашэвіч: “Я была захварэла і доўгі час не магла выходзіць з хаты. То ў гэты час мая калекцыя істотна павялічылася і цяпер налічвае 500 альбомаў па 500 пісанак у кожным: агулам у калекцыі 250 000 пісанак. Тут я хацела б удакладніць: ёсьць маляванкі, а ёсьць пісанкі. Пісанкі толькі ў Беларусі. Ні Ўкраіна, ні Літва, ні Польшча пісанак ня маюць. Пісанка ідзе палоскамі, і фактычна ўсё яйка малюецца на палоскі, і кожная палоска – узор. Бацька мой гаварыў не “пісанкі”, а “пасанкі”, тлумачыў – ад слова “пас”, “пасак”. І казаў, што палоскі павінны ісьці па яйку, як паскі па спадніцы беларускай кабеты. Яшчэ адно ўражаньне з маленства прыгадаю. Пасьля вызваленьня з-пад Польшчы бацька ізноў ехаў у Нясьвіж і ўзяў мяне з сабой. Прыехалі мы ў Нясьвіскі замак, і я вяду бацьку за руку – паказаць той пакой, дзе мы ў мінулы раз бачылі пісанкі: “Помніш, тата?” Зайшлі, і бацька мой аслупянеў. Гляджу, сядзяць двое чырвонаармейцаў босыя, паразьвешвалі анучы сушыць, а самі шпурляюць у сьцяну пісанкамі. Рагочуць: “Буржуйская забава”. Вось такая культура прыйшла...”

ПОЎНЫ ТЭКСТ ПЕРАДАЧЫ
XS
SM
MD
LG