Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5000 подпісаў сабрана за вяртаньне каталікам касьцёлу Сьвятога Язэпа


Іна Студзінская, Менск Паводле пляну рэканструкцыі Старога гораду, зацьверджанага мэрам Менску Міхаілам Паўлавым, у комплексе будынкаў №6 і 8 па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, на месцы касьцёлу Сьвятога Язэпа і кляштару бэрнандынцаў, разьмесьціцца гатэльны комплекс, які складуць рэстараны, падземны паркінг, басэйн, іншыя забаўляльныя ўстановы”. Каталікі Менску дамагаюцца вяртаньня кляштару з касьцёлам Сьвятога Язэпа і ўжо сабралі больш за 5 тысяч подпісаў.

Прадстаўнікі парафіі Сьвятога Язэпа запісаліся на прыём да намесьніка старшыні Менгарвыканкаму спадара Кушнера, маюць намер дайсьці да адміністрацыі прэзыдэнта. Звароты ў Камітэт па справах рэлігій пакуль безвыніковыя. А касьцёл Сьвятога Язэпа – адзіны ў сталіцы храм, дагэтуль ня вернуты каталікам. Распавядае верніца Івона Мацукевіч:

“Скажам нават: гэта – не сьвятыня, а папросту будынак 1624 году. Як яго можна зруйнаваць? Як яго можна перарабіць на нешта, гэты кляштар, паводле праекту, які я бачыла?.. Яго наагул зруйнуюць, яго ня будзе. Можа, касьцёл яшчэ застанецца як канцэртная заля, а кляштару ня будзе. Калі я туды ўвайшла, – аж мароз па скуры: там такія тоўстыя сьцены, такія кельлі! Нават турыстам паказаць цікава”.

Супрацоўнік каталіцкага выдавецтва «Рro Christo» Мікола Гракаў перакананы:

«Вернікі, асабліва прадстаўнікі парафіі Сьвятога Язэпа, хочуць, каб касьцёл быў перададзены менавіта ім. Таму што гэта будавалі нашы продкі, і з гледзішча гістарычнай справядлівасьці гэты касьцёл павінен належаць вернікам, як і ўсе іншыя сьвятыні».

Парафія Сьвятога Язэпа, што прэтэндуе на кляштарныя будынкі й касьцёл, гатова ўзяць усе рэстаўрацыйныя працы на сябе. Меркаваньне Міколы Гракава:

«Калі парафія гатова ўзяць гэта на сябе, то гэты гісторыка-культурны аб''ект, я лічу, найлепшы лёс напаткае. Бо людзі сапраўды дбаюць пра гэта як пра сваю ўласнасьць. Для вернікаў гэта ня толькі нейкія муры, нейкі будынак. Гэта – сьвятое месца, дзе спраўляліся сьвятыя абрады, дзе заўсёды прысутнічае Ісус Хрыстос. Менавіта дзеля гэтага вернікі цяпер намаганьні й прыкладаюць».

Тымі ж вернікамі створаны адмысловы сайт у Інтэрнэце, які паўстаў як своеасаблівая форма пратэсту супраць зьнішчэньня ўнікальнага помніка архітэктуры. Яго адрас http://www.help.ratz.ru.

На гэтым сайце падаюцца й афіцыйныя дакумэнты, пляны рэканструкцыі, зацьверджаныя ўладай. Але да Міністэрства культуры яны, быццам, пакуль не дайшлі.

Гутару з намесьнікам начальніка Ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім.

Карэспандэнтка: “Ці паступала да вас праектная дакумэнтацыя на забудову Старога гораду, дзе знаходзіцца касьцёл Сьвятога Язэпа?

Чарняўскі: “Не, на месцы касьцёлу Сьвятога Язэпа ніякага праектаваньня не вядзецца. Там знаходзіцца архіў, і пакуль што ён будзе там знаходзіцца”.

Карэспандэнтка: “А да якога часу?”

Чарняўскі: “Ня ведаю. Гэта не мае пытаньні. Па касьцёле дакладна нічога ня робіцца”.

На прыступках былога касьцёлу Сьвятога Язэпа і кляштару бэрнардынцаў штодня моляцца парафіяне розных менскіх касьцёлаў. У Велікодныя дні вернікі таксама тут зьбяруцца дзеля набажэнства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG