Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Казуліну падоўжылі адмысловы рэжым выхаду з галадоўкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандру Казуліну, які ў калёніі галадаваў цягам 53 дзён, падоўжылі адмысловы рэжым выхаду з галадоўкі. Адвакат палітвязьня мяркуе, што гэта сьведчыць пра неэфэктыўнасьць турэмнай сыстэмы выхаду з галадовак.

Пра падоўжаньне адмысловага рэжыму выхаду з галадоўкі для Аляксандра Казуліна паведамілі адвакату палітыка Ігару Рынкевічу ў адміністрацыі калёніі Віцьба-3:

“Аляксандар Казулін пакінуты на ранейшым рэжыме ўтрыманьня ў калёніі на бягучы месяц. Гэта азначае, што і ў красавіку ён будзе харчавацца па дыетычнай норме 5Б і будзе вызвалены ад працы. А ў астатнім рэжым для яго нічым не адрозьніваецца ад рэжыму іншых вязьняў”.

За мінулы месяц А.Казулін набраў толькі 1 кіляграм вагі

Рашэньне пра падаўжэньне адмысловага рэжыму для Аляксандра Казуліна прынята на падставе мэдычнага агляду вязьня і вынікаў экспэртызы ягонай крыві – паведамілі Ігару Рынкевічу з калёніі. Між тым, адвакат мяркуе, што турэмная сыстэма выхаду з галадовак, ужытая адносна яго падабароннага, неэфэктыўная:

“Пасьля выхаду з галадоўкі Казулін набраў крыху болей за 10 кіляграм. Зь іх толькі адзін кіляграм – за мінулы месяц. А гэта якраз той месяц, калі яму забаранілі перадаваць адмыслова харчы з дому”.

Да Казуліна не дапускаюць незалежных дактароў і вязьняў

Таксама адвакат зьвяртае ўвагу на тое, што да мэдычнага агляду Аляксандра Казуліна гэтак і не дапусьцілі незалежных дактароў.

Спадар Казулін галадаваў цягам 53 дзён – з канца кастрычніка да пачатку сьнежня. Былы кандыдат на прэзыдэнта пратэставаў супраць улады Аляксандра Лукашэнкі і дамагаўся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН.

Паводле апошняга ліста Аляксандра Казуліна зь няволі, адміністрацыя калёніі абмяжоўвае ягоныя кантакты з іншымі вязьнямі і наклала абмежаваньні на шпацыры ў турэмным двары.

Аляксандар Казулін быў асуджаны паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў на 5,5 гадоў зьняволеньня. Апазыцыянэр вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG