Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта верыць лічбам афіцыйнай статыстыкі?


Ігар Карней, Менск Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі ў першым квартале 2007 году валавы ўнутраны прадукт (ВУП) падвысіўся на 8,5% параўнальна з аналягічным пэрыядам мінулага году. Незалежным эканамістам з цэлага шэрагу прычынаў гэтыя лічбы падаюцца маларэальнымі.

“Існуюць пэўныя адміністратыўныя нюансы”

Мэханізм падліку валавага ўнутранага прадукту ў Беларусі для незалежных экспэртаў дагэтуль застаецца загадкай. Як кажа эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Алена Ракава, нават спробы Ўсясьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду дамагчыся празрыстасьці гэтага працэсу ня мелі плёну:

А.Ракава: “У нас амаль траціну ўсяго ВУП дае нафтаперапрацоўка. А як ведаеш, што нафтаперапрацоўка значна зьнізілася, дык гэтыя лічбы выклікаюць сумненьні”.
“У нас ёсьць паказьнікі ВУП, якія трэба выконваць і за невыкананьне якіх “па шапцы” атрымліваюць усе. Таму, скажам так, з высокай доляй верагоднасьці можна дапускаць, што існуюць пэўныя адміністратыўныя нюансы. Я не магу казаць пра “прыпіскі”, але штосьці накшталт гэтага. Бо насамрэч у нас амаль траціну ўсяго ВУП дае нафтаперапрацоўка. А як ведаеш, што нафтаперапрацоўка значна зьнізілася, дык, натуральна, гэтыя лічбы выклікаюць сумненьні. Але з улікам таго, што інфармацыя па ВУП у нас закрытая, вельмі складана сказаць, як яны лічаць”.

Заўсёды можна стварыць “паказьнікі дабрабыту”

Не выключае “прыпісак” пры вымярэньні ВУП і эканаміст Леанід Злотнікаў, які лічыцца адным з найбольш дасьведчаных экспэртаў у статыстычнай галіне. Паводле спадара Злотнікава, як і ў іншых аўтарытарных краінах, у Беларусі ствараецца не дабрабыт, а яго віртуальныя паказьнікі:

“На лічбу заўсёды можна выйсьці, калі паставіць такую задачу. Ёсьць вельмі вядомы раман “Скотны двор”. Дык вось аўтар гэтага рамана піша: заўсёды пры аўтарытарным рэжыме ствараюцца паказьнікі дабрабыту. Ня сам дабрабыт, а толькі яго паказьнікі. І калі існуе вельмі суровы запыт зьверху на паказьнікі, зь вяршыні чынавенскай піраміды, то будуць усімі сіламі ствараць гэтыя лічбы.

Л.Злотнікаў: “На лічбу заўсёды можна выйсьці, калі паставіць такую задачу. Заўсёды пры аўтарытарным рэжыме ствараюцца паказьнікі дабрабыту. Ня сам дабрабыт, а толькі яго паказьнікі”.
Таму ў мяне таксама ёсьць падазрэньне, што могуць быць і прыпіскі, і усялякія эканамічныя хітрыкі, каб паказьнікі зрабіць добрымі. Калі ёсьць запатрабаванасьць, то ёсьць і паказьнікі. Гэта заканамернасьць, уласьцівая ўсім краінам з аўтарытарным рэжымам”.

Статыстыка як сродак прапаганды

Незалежны эканаміст Сяргей Балыкін наўпрост параўноўвае статыстычную справаздачнасьць у Беларусі з іншымі інструмэнтамі прапаганды:

“На жаль, наша краіна карыстаецца статыстыкай, як нейкім сродкам прапаганды. У іншых краінах – у дэмакратычных, рынкавых краінах – статыстыка зьяўляецца толькі сродкам для разуменьня стану эканомікі. У нас жа яна як сродак прапаганды: усё робіцца дзеля статыстычных лічбаў. Таму я не зьдзіўляюся, што ў нас і рост ВУП назіраецца, і шмат чаго іншага. Так што гэта цалкам зразумела, нікога ўжо гэта асабліва не зьдзіўляе”.

Як паінфармаваў Аляксандра Лукашэнку кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі, беларуская эканоміка пасьпяхова выконвае даведзеныя ёй пляны. Так, паводле Сідорскага, аб’ём прамысловай вытворчасьці ў першым квартале 2007 году ў параўнанні зь першым кварталам 2006-га павялічыўся на 9%. Рэнтабэльнасць рэалізаванай прадукцыі за першыя тры месяцы склала 12%, а аб’ём інвэстыцый у асноўны капітал за гэты ж час узрос на 25%. Такім чынам, прэм’ер-міністар запэўніў Лукашэнку, што фармаванне прыбытковай часткі бюджэту ідзе ў адпаведнасьці з заплянаванамі паказьнікамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG