Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць палякаў адзначыць Вялікдзень у сем’ях


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Большасьць палякаў не падтрымліваюць сямейных традыцыяў – пра гэта сьведчаць апублікаваныя напаярэдадні Вялікодных сьвятаў вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. Між тым сотні тысяч палякаў, якія жывуць і працуюць за мяжой, на Вялікдзень вяртаюцца на радзіму, каб традыцыйна адзначыць гэтае сьвята з роднымі.

Паводле зьвестак Цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі, амаль дзьве траціны палякаў у сваіх сем’ях ня маюць нейкіх асаблівых сямейных традыцыяў і толькі 15 працэнтаў – такія традыцыі падтрымліваюць. Тым не меней 74 працэнтаў палякаў перакананыя, што сямейныя традыцыі неабходна захоўваць і перадаваць нашчадкам.

Найбольш папулярныя традыцыйныя сьвяты – Каляды і Вялікдзень, але, як падкрэсьліваюць аўтары дасьледаваньня, гэта “ўсеагульныя сьвяты”, а не хатактэрныя для асобных сем’яў.

Сёлета, як і кожны год, на Вялікдзень на дарогах, у вакзалах і аэрапортах Польшчы вялікі рух – толькі польская чыгунка пускае ў сьвяточныя дні 70 дадатковых цягнікоў.

“Ня будзе таўкучкі, кажуць, але мне здаецца, што стаяць прыйдзецца, усё адно шмат людзей будзе”, – кажа жыхар Сілезіі, які на сьвята едзе з Варшавы на радзіму.

Нягледзячы на шматлікія прапановы адпачыць у сьвяточныя дні ў гатэлях, цэнтрах адпачынку, палякі аддаюць перавагу сямейным ўрачыстасьцям ва ўласнай ці бацькоўскай хаце з традыцыйным вялікодным яйкам і прысмакамі польскай кухні.

“У гэтым ёсьць пэўная атмасфэра, якую не заменіць ніякі нават самы элітны гатэль. Мне падаюцца дзіўнымі вынікі апытаньняў. Палякі ўсё ж падтрымліваюць свае традыцыі”,– кажа культуроляг Робэрт Новак.
XS
SM
MD
LG