Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцідзясятнікі абураныя артыкулам у “СБ” пра сямейныя здрады


Радыё Свабода Пяцідзесятніцкія цэрквы Століна і Столінскага раёну Берасцейскай вобласьці накіравалі адкрыты зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта і рэдакцыю газэты "Советская Белоруссия". Веруючыя абураныя артыкулам, зьмешчаным у газэце, які, на іх думку, заклікае да амаральных паводзінаў

Артыкул "Измены могут спасти брак" быў зьмешчаны на старонках газэты "Советская Белоруссия" 24 студзеня гэтага году. У артыкуле ў рубрыцы "Наш псыхоляг" гаворыцца аб тым, што здрада спрыяе суженству і дапамагае наладзіць стасункі паміж мужам і жонкай, якія страцілі "вастрыню былых пачуцьцяў".

"Адкрыты зварот – гэта нашая рэакцыя і абурэньне на зьмест гэтага артыкулу, - гаворыць Анатоль Ляшко, пастар царквы "Благодать" Саюзу ХВЕ Століна. – Гэта ж такая брыдота і непрыстойнасьць творыцца. Чаму ў гэтай газэце ніхто не думае аб тым, як такія артыкулы псуюць нашую моладзь? Нашая роля, як царквы рэагаваць на такія рэчы і гаварыць праўду."

У царкве, дзе пастарам зьяўляецца Анатоль Ляшко, адкрыты зварот падпісалі 70 прыхаджанаў. Такія ж лісты з подпісамі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і рэдакцыю газэты "Советская Белоруссия" накіравалі пяцідзесятніцкія цэрквы Столінскага раёну, якіх усяго налічваецца каля дваццаці.
XS
SM
MD
LG