Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольш матэрыяльна выгодна ў Беларусі быць чыноўнікам


Ігар Карней, Менск Пачатак веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў пачаўся са скандалу. Падчас абмеркаваньня пытаньня, якое наўпрост ня тычылася матэрыяльнага дабрабыту народных абраньнікаў, дэпутат Леанід Глухоўскі раптам заявіў, што ня бачыць праблемаў з падвышэньнем заробкаў дэпутатам “заднім чыслом”. Як сьцьвярджаюць былыя ўжо дэпутаты, апроч таго, што падобныя ініцыятывы самі па сабе незаконныя, і дагэтуль парлямэнтарам не было чаго скардзіцца на жыцьцё.

Як прызнаўся падчас адной з прэсавых канфэрэнцый старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, сябра Савету Рэспублікі Аляксандар Зімоўскі, ён быў вымушаны выбіраць паміж заробкамі сэнатара і кіраўніка тэлевізіі. Простая арытмэтыка схіліла грашовыя шалі на карысьць другога варыянту:
А.Зімоўскі:”У сэнатара аклад міністра”
“Калі б зарплата сэнатара перавышала мой грашовы заробак як старшыні Белтэлерадыёкампаніі, я атрымліваў бы тую ж суму. Мне проста даплачвалі б. Але паколькі такой неабходнасьці няма, дык я не атрымліваю заробак як сэнатар. А ў сэнатара, у сваю чаргу, аклад міністра. Увогуле ж міністэрскі аклад на маёй пасадзе ў эквіваленце роўны 400 далярам”.

А вось былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў удакладняе: з названых спадаром Зімоўскім сумаў толькі пачынаецца рэальны заробак чыноўнікаў. “Слугі народу” маюць мноства даплат за перавыкананьне нормаў законатворчай дзейнасьці, пастаянна беручы на сябе “падвышаныя абавязацельствы”.
В.Фралоў: “У райвыканкамах з тысячу даляраў атрымліваюць”
“Можа, афіцыйна такі заробак і ёсьць. Але ж існуюць розныя магчымасьці “пляны перавыканаць”, нешта прыхаваць, нешта падняць. Так паціху і дадаюць. І калі ўжо ў райвыканкамах недзе з тысячу даляраў атрымліваюць, дык што – міністар меней мае? Ды ніколі ў жыцьці ён меней ня будзе зарабляць!” – мяркуе Фралоў.

Тым часам зьявіліся новыя справаздачы пра заробкі ў рэальным сэктары эканомікі. Былы міністар працы, эканаміст Аляксандар Сасноў кажа, што ад пачатку году матэрыяльны стан бальшыні беларусаў паступова пагаршаецца: за чатыры месяцы 2007 году рэальны заробак бюджэтнікаў зьнізіўся на 6%. А з улікам росту спажывецкіх коштаў у рэальным вымярэньні, заробкі паменшыліся на 11% у параўнаньні зь леташнім сьнежнем.
А.Сасноў:”Дзяржава ўзурпавала паўнамоцтвы над пэнсійнымі фондамі”
“Наконт эканамічных момантаў. Напрыклад, кажуць: паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, рэальныя прыбыткі насельніцтва падвысіліся больш чым на 10-15%. Але ж гэта ня так! Так, на 10% падвысіліся рэальныя пэнсіі, што наўпрост рэгулюецца дзяржавай і ад дзяржавы залежыць. Дзяржава падвысіць пэнсіі і яны падвысяцца. Іншага няма, бо яна ўзурпавала паўнамоцтвы над пэнсійнымі фондамі. А вось што тычыцца акладаў, то тут яна ня можа так наўпрост паўплываць”, – сьцьвярджае Сасноў.

Тым ня меней, як кажуць экспэрты, улада з цалкам кан’юнктурных меркаваньняў вымушаная ўвесь час клапаціцца пра дабрабыт уладнай вэртыкалі – ад самых яе нізоў да верху. Так, адразу ж пасьля выбараў у мясцовыя саветы народных дэпутатаў старшыні сельсаветаў пераселі на службовыя “Жыгулі”. Паводле зьвестак, на гэтыя мэты было выдаткавана 20 мільярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў. Надбаўкі да заробку атрымалі і дэпутаты самага высокага ўзроўню.

Гл. таксама

• Рэальны заробак беларусаў за 4 месяцы зьнізіўся на 6 %
XS
SM
MD
LG