Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Вікі Мароз прыёмныя бацькі – “дзядзя” і “цёця”


Радыё Свабода Беларуская сірата Віка Мароз не падлягае замежнаму удаччэньню – заявіла кіраўніца Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Міністэрства адукацыі Беларусі Натальля Пасьпелава. За дзень да гэтага Генуэзскі апэляцыйны суд адхіліў хадайніцтвы адвакатаў сям’і Джуста – Барначын аб вызваленьні Вікі Мароз з-пад беларускай юрысдыкцыі і разгляду яе справы ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права.

Калі прадстаўнікі сям’і з Кагалета ў сваім судовым пазове кіраваліся Нью-Ёрскай і Страсбурскай канвэнцыямі правоў дзіцяці, то прадстаўнікі Беларускага Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня спасылаліся на радкі адпаведнай Гааскай канвэнцыі.

У часе прэсавай канфэрэнцыі кіраўніца Нацыянальнага цэнтру усынаўленьня Натальля Пасьпелава агучыла наступныя радкі Гааскага дакумэнту: “Дзіця, інтэграванае ў сям’ю на тэрыторыі краіны свайго паходжаньня і грамадзянства, ня можа быць перададзенае на міжнароднае ўсынаўленьне".

У сям’ю жодзінцаў Алены і Сяргея Васілеўскіх беларуская сірата Віка Мароз была ўладкаваная летась 30 кастрычніка. Гэта адбылося прыкладна праз месяц пасьля таго, як сям’я Джуста-Барначын спрабавала пакінуць дзяўчынку ў сябе ў Італіі і такім чынам скончыць зь сіроцкім мінулым Вікі.

Як сьведчылі чыноўнікі, уладкаваньне Вікі ў сям’ю Васілеўскіх зусім не выключала таго, што дзяўчынку празь нейкі час зможа удаччыць нейкая замежная пара, у тым ліку, Джуста-Барначын. У размове са Свабодай адказная супрацоўніца Менскай абласной управы адукацыі Ала Паляўчук тлумачыла: “Гэта не усынаўленьне, калі дзіця губляе свой сіроцкі статус. Гэта прыёмная сям’я, часовая форма ўладкаваньня дзіцяці”.

Сёньня кіраўніцтва Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня таксама робіць націск на словах “прыёмная сям’я”: “Дзіця цяпер уладкаванае ў прыёмную сям’ю, дзе знаходзіцца яе брат. Дзіця ўладкаванае ў гэтую прыёмную сям’ю”.

Аднак, у адпаведнасьці з новымі правіламі, гэта ужо азначае, што аддаць дзяўчынку на удаччэньне замежнікам нельга... Хіба што за адным выключэньнем: калі раптам распадзецца сям’я Васілеўскіх. Натальля Пасьпелава лічыць, што такое ня здарыцца.

Паводле адказных беларускіх чыноўнікаў, Віцы Мароз пашанцавала – яна трапіла да вельмі добрых і інтэлігентных людзей, да таго ж, уз’ядналася са сваім братам Сашам. Дарэчы, яшчэ два гады таму дзеці амаль ня ўзгадвалі адзін аднаго. Сустрэча брата і сястры адбылася ў Італіі паводле ініцыятывы сям’і Джуста-Барначын. Менавіта гэтых людзей дзяўчынка называе ”татам” і “мамай”, а да Васілеўскіх зьвяртаецца са словамі “дзядзя” і “цёця”.

Сацыяльны пэдагог з Рыму Анна Гавазіні ад пачатку адсочвае гэтую гісторыю і кажа, што вельмі спачувае дзецям, якія трапілі ў падобную сытуацыю.

“Часам мне гэта нагадвае нейкі трагічны тэатар. Замест любві дзіця зь першых дзён зьведала нянавісьць і агрэсію. Толькі навучылася гаварыць “мама” і “тата” – стала ахвярай нейкіх дарослых гульняў. Ёй тройчы за 10 год прыходзіцца мяняць бацькоў! Усе думаюць пра дзяржаўныя інтарэсы і ніхто ня думае, якая асоба, якая маці можа зь яе атрымацца,” – кажа Анна Гавазіні

“Гісторыя маленькай беларускай сіраты ня можа ня выклікаць сьлёз і заслугоўвае таго, каб пра яе даведаліся ва усім сьвеце”, – лічыць Франка Джафэрыя, рэжысэр-пастаноўшчык англа-амэрыкана-італьянскага фільму “Ў імя Марыі”. У ягонай кінастужцы размова пойдзе пра лёс чарнобыльскіх сіротаў, іхнае неўладкаванае жыцьцё і надзею, што аднойчы, рана ці позна, штосьці ў ім зьменіцца. У фільме здымаюцца такія акторы, як Паола Гасман, Уга Пальяі, Катарына Спаак.

Гл. таксама • Пра Віку Мароз у Італіі здымаюць фільм • Сям’я Джуста і Барначын чакае сына і па-ранейшаму змагаецца за дачку • Лёс Вікі Мароз абмеркавалі ў Міляне
XS
SM
MD
LG